Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 056

Пра давер

Аднойчы, прагульваючы заняткі, мы блукалі па прамзоне і натрапілі на маленькую фабрыку зубное пасты. Ля прыбранай аранжавай прахадной стаяў дырэктар фабрыкі ў гальштуку і нахвальваў мінакам прадукцыю: у нас самая лепшая паста, багатая фторам і кальцыем! Купіце нашу пасту і пераможаце карыес! «Ілжывы капіталіст... мы табе ня верым!» – прашыпелі мы і пагардліва прайшлі міма, але ён дагнаў нас, папрасіў хвілінку ўвагі і расказаў такую ​​гісторыю:

– Кажуць людзі, што жыў калісьці падаўней на сьвеце адзін чалавек, па прафэсіі таваравед. І што пайшоў ён, чалавек гэты, аднаго разу ў парк падчас абедзеннага перапынку. І быццам бы ўзяў ён з сабой ці то ноўтбук, ці то нейкі пляншэт, каб, калі сумна зробіцца, у тэтрысы пагуляць. Сеў ён, значыцца, на лаўку пад ракітаю і знай сабе гуляе, а тут, скуль ні ўзяўся, бамбіза ў кепцы. І кажа бамбіза яму: «Дайтка ты мне, братка, ноўтбук твой патрымаць, бо прыгожы вельмі!» Павагаўся імгненьне чалавек... але не, не даў даверу бамбізе. А ну як схопіць і пабяжыць? Не ўжо! Адвярнуўся, зачыніў ноўтбук і прэч пайшоў, ад бяды далей. А бамбіза яму наўздагон: «А чаму гэта ты мне не давяраеш? Іншым нябось многа чаго давяраеш, а мне нават ноўтбук не? Праз кепку, ці што? Нелягічна! Несправядліва!» І ўсё б нічога, ды толькі запалі тавараведу ў душу бамбізавы словы, і пачаў ён імкліва да ўсіх давер істрачваць. Рэгуліроўшчыка на скрыжаваньні западозрыў у сквапнасьці, калегаў на працы – у прадажнасьці, прыбіральшчыцу – у схільнасьці да катаваньня. Сябры клічуць, запрашаюць на гарэлачку – ці не спаіць хочуць? Жонка дома грачанай кашкі прапануе – ці ня тоўчанае шкло падсыпала? Маці родная тэлефануе, з днём анёла віншуе, у госьці хоча зайсьці – ці не лязо прыгатавала? І замкнуўся той чалавек у прыбіральні, і вонкі не выходзіць, і на факсы не адказвае – бо не давярае нікому. Дзень сядзеў, два сядзеў, а потым зьявіўся яму наўпрост у прыбіральню анёл зь белымі крыламі – і ну ўгаворваць, ну суцяшаць! Але й анёлу не даверыўся чалавек – ніякі ты не анёл, кажа, а бес падступны! І прагнаў анёла. Крэпка пакрыўдзіўся на яго анёл – і паскардзіўся сапраўдным бесам. А бесам толькі таго і трэба! Ледзьве задрамаў недаверлівы чалавек, напалі яны на яго і зьелі, разам з трыбухамі, а костачкі на зубной парашок размалолі. Прачнуўся ён – а яго ўжо й няма, толькі вада з крана капае. Вось так і загубіў чалавека недавер ягоны. Вось як, дзеткі.

– Значыцца, яму трэба было ў самым пачатку даць бамбізе ноўтбук патрымаць? – спытаў Валік.

– Цямлівы хлопчык! – пахваліў яго дырэктар.

Ён расчуліўся і падарыў Валіку цюбік зубное пасты, з уласнай кішэні, а мы памеркавалі, параіліся і купілі на ўсе грошы цэлую скрыню, каб ня быць недаверлівымі.