Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 054

Пра вялікага мысьляра

Калі-нікалі наш тата здараўся ў асабліва добрым гуморы, і тады яго нават ня трэба было прасіць – ён сам вылоўліваў нас і пачынаў штосьці распавядаць. Але, баючыся нудоты, мы з брацікамі не пускалі апавяданьні на самацёк і задавалі ўсялякія навадныя пытаньні, на ўсялякія цікавыя тэмы. Напрыклад, за што ён пакахаў маму. Прыгадаўшы маму, тата абавязкова расчульваўся, смаркаўся, волка міргаў і пачынаў расказваць, кожны раз рознае.

– Ваша мама, дзеткі, дзяўчынкаю была жах якая хуліганка.

– Хуліганка? Мама? – мы выкруглялі вочы і недаверліва трэсьлі галовамі.

– Так! Уявіце сабе, аднойчы яна зьбянтэжыла вялікага мысьляра, – ён рабіў паўзу, каб мы яшчэ мацней зацікавіліся, і пачынаў. – Слухайце: жыў-быў у нашым месцы адзін вялікі мысьляр, які перасягнуў усіх у ведах і мудрасьці, і здольны быў даць адказ на любое пытаньне. Прыходзілі да яго людзі з навакольных вёсак, з далёкіх гарадоў і нават з суседніх краінаў, каб ён разьвязваў разнастайныя цяжкасьці і накіроўваў да ісьціны. Усё мог растлумачыць мысьляр: і чым азімыя лепш за яравыя, і чым дэмархія пераважае джамахірыю, і чым сінус пераўзыходзіць косінус. Аднак з гадамі стаў мысьляр стамляцца людзкой марнасьцю, стаў ён цяжыцца тлумачыць дурням відавочныя рэчы. Упершыню гэта адбылося падчас чарговага чэмпіянату – прыйшлі да мысьляра людзі і запыталіся: адкажы, о наймудрэйшы, ці на самой справе Спартак выдатнейшы за Дынама? І калі раней мысьляр улёг бы ў грунтоўныя доказы і прывёў бы прагных на праўду да бясспрэчных высноў, дык зараз ён толькі коратка сказаў: ідзіце ў дупу. Зразумелі людзі, што размысьлівае мысьляр пра вялікае, і ня трэба шукаць у яго адказы на занадта простыя пытаньні. Але і іншым пытаючым пачаў даваць ён такі самы адказ. Чым Тэлеман лепш за Купэрэна? Чым цэляфан пераважае поліэтылены? Чым Тэртуліян пераўзыходзіць Арыгена? На ўсё адказваў мудры старац: ідзіце ў дупу. Зразумелі людзі, што перайшоў мысьляр на новую ступень пазнаньня, і любое зямное пытаньне для яго прымітыўнае і вартае жалю. Сталі людзі чакаць зь нецярплівасьцю, і нават зь некаторай горыччу – калі ж нарэшце знойдзецца хтосьці, хто задасьць годнае пытаньне? Але нават калі з Амэрыкі патэлефанаваў яму выбітны сучасны фізык і спытаў пра кванты і кваркі, і таго паслаў мысьляр у дупу. Ну дык вось, даведалася пра гэтага мысьляра ваша мама – а яна тады была зусім дзевачка – надзела сукенку ў гарошак, запляла касічкі, завязала блакітныя банты, і пайшла да яго. І спытала: ці можа, дзядзечка, быць на сьвеце нешта лепшае за сонейка? Адчыніў рот мысьляр, дый толькі не павярнуўся ў яго язык дзяўчынку маленькую вылаяць, ужо вельмі яна была мілая ды прыгожая. І пагадзіўся ён зь ёю, што няма нічога лепш за сонейка, і пагладзіў па галоўцы, і пачаставаў цукеркай. І ўзрадаваліся людзі, і панесьлі на руках і вялікага мысьляра, і вашу маму-дзевачку, і аказалі ім вялікія ўшанаваньні. І доўжылася сьвяткаваньне тры дні і тры ночы...

– Але татухна, хіба гэта хуліганства?

– Хуліганства сама сапраўднае, нават не сумнявайцеся.