Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 053

Аднойчы ўвечары

Аднойчы ўвечары, калі тата за няма што адлупцаваў нас з брацікамі бізуном і як нічога ніякага сеў піць какаву з грэнкамі, мы шэптам запыталіся маму: чаму ты выйшла за яго замуж? Менавіта за яго? І мама шэптам расказала нам такую ​​казку:

– Жыў-быў калісьці падаўней адзін хлопчык. І вось аднаго разу ішоў ён ішоў і ўбачыў прывабную дзяўчынку. Падышоў ён да яе і кажа: давай сябраваць! А яна яму ў адказ толькі чмыхнула: я люблю кінарэжысёра Кубрыка, а ты хто такі? Засмуціўся хлопчык і пайшоў далей. Жыў ён быў і раптам бачыць перад сабой другую дзяўчынку, значна больш прывабнейшую за тую першую. Усьміхаецца ён ёй: давай сябраваць! А яна яму ў адказ пагардліва: я люблю кінарэжысёра Кустурыцу, а ты хто такі? Плюнуў хлопчык і пайшоў сваёй дарогай. Доўга, ці коратка, вандраваў ці на печы ляжаў, ды толькі сустрэў той хлопчык ізноў дзяўчынку, гэтым разам зусім бліскучую і асьляпляльную. І кажа ён ёй, зь некаторым сумневам, але ўсё-такі кажа: давай сябраваць? Але гэтая дзяўчынка і наогул яго адказам не ўганаравала, толькі адгарадзілася партрэтам кінарэжысёра Курасавы. І ўскіпеў тады той хлопчык з абурэньня, і разьюшыўся, і зароў страшэнным басам: пачакайце ж, няшчасныя! Гора, о, гора вам! Прыступіўся хлопчык да справы са стараннасьцю й запалам, шмат часу згубіў, але дасягнуў посьпехаў, і зрабіўся ён... – мама ўрачыста перапынілася, – і зрабіўся ён мастаком Кандынскім.

– О, мамухна!

– О, няўжо?

– І сапраўды гэта быў ён?

– Паверыць немагчыма!

– Так-так, мілыя. І прыбеглі тыя дзяўчынкі, пакідаўшы кінарэжысёраў, і прыбеглі іншыя, і прыбеглі яшчэ трэція, і хто толькі не прыбег, але позна ўжо было...

– А чаму было позна, мамухна?

– Таму. Позна і ўсё. Адкінуў ён іх. І з тых часоў, дзеткі, дамовіліся ўсе дзяўчынкі сьвету не адмаўляць хлопчыкам ані ў сяброўстве, ані ў чым...

Мама прамакнула вочы, а мы з павагай паглядзелі на тату. Тата павольна, з годнасьцю, запраўляў у тостар новую партыю хлеба.