Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 052

Пра недавер

Сярод шматлікіх дзівацтваў наш тата меў адну асабліва незразумелую звычку: закрывацца на кручок у прыбіральні і ў ванным пакоі. Гэтая ягоная манера засмучала і крыўдзіла нас з брацікамі, і мы падоўгу прастойвалі ля зачыненых дзьвярэй, з дакорам тузаючы ручку.

– Чаму, татухна?.. Няўжо ты нам не давяраеш?.. – пыталіся мы са сьлязьмі, калі дзьверы нарэшце адчыняліся, і зьяўляўся тата, ахінуты адэкалёнавым воблакам.

Будучы ў кепскім настроі, тата расчышчаў сабе шлях штурханцамі, у дабратворным жа ўсаджваў нас на калені, раздаваў зэфір, мармэляд, манэткі і распавядаў гісторыю.

– Жыла-была на сьвеце дзяўчына, кучаравая ды добразычлівая. І сустрэла яна аднаго разу хлопца, спэцыялістага па кандыцыянэрам, і пакахала яго. Усім ён быў добры, і пяшчотны, і працавіты, і палкі, ды толькі недаверлівы зьлёгку. Ніяк, напрыклад, не хацеў называць ёй дзявоцкае прозьвішча сваёй маці – дробязь, але непрыемна. Ці, яшчэ прыкра, не дазваляў класьці цукар сабе ў гарбату. Толькі сам! Няўжо ты мне не давяраеш? – абражалася яна, а ён толькі паціскаў плячыма і хмурыўся. І вырашыла дзяўчына на блін распляскацца, але даказаць яму, што вартая даверу. Выйшла за яго замуж, нарадзіла двух сыноў, варыла кожны дзень капусту, драла бульбу, а на іншых мужыкоў нават не глядзела. Часам з надзеяй задавала навадныя пытаньні пра маці, але ён нязьменна адмоўчваўся, рабіў выгляд, што не заўважыў. Чакала яго, калі ён трапіў у турму, чакала яго, калі ён пайшоў на фронт. Даглядала яго, калі ён вярнуўся кантужаны. Працавала, каб грошай хапала. Мыла, варыла, цыравала, сама ваду насіла, сама дровы калола. Так і жыцьцё праляцела, пяцьдзесят гадоў разам. І вось сядзяць яны аднойчы на ганку пад ракітаю, ля самавара, старэнькія зусім, дый на жвавых праўнучкаў любуюцца. Сонейка сьвеціць, птушачкі сьпяваюць, і ў абодвух сьлёзы замілаваньня. І пытаецца яна яго, руку рукою накрыўшы, як, дзей, прозьвішча матухны тваёй? Ці не пара ўжо даверыцца нарэшце, адкрыцца? Ці ня вартая я? Але ён толькі вочы адводзіць, нягоднік! Ня вытрымала тады бабулька, успыхнула як порах, выхапіла мантажны нож і кінулася на дзеда. А ён ускочыў, выкруціўся, гад, дый пабег па вуліцы. Бяжыць і крычыць: так я і ведаў, нельга табе давяраць!