Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 051

На зьлёце юных мастакоў

Аднойчы ўвосень майму брату Валіку прыйшло запрашэньне на зьлёт юных мастакоў. Ён страшна ўзрадаваўся, склаў у вялікую тэчку лепшыя свае малюнкі, падперазаўся і выскачыў на ганак, але мама злавіла яго за руку. «Куды ж ты адзін?» Мама ўхваляла ягоныя заняткі жывапісам і настойліва ва ўсім дапамагала. «Я цябе адвязу. Хто яшчэ з намі?» Ніхто не хацеў, і, каб мы не выглядалі нягоднікамі, я сказаў, што таксама паеду, і мама ў падзяку пацалавала мяне.

А Валік нават не заўважыў, ён хваляваўся і ўвесь час пытаўся маму, ці не прамінула яна паваротку. Бліжэй да праспэкту пачаўся глухі затор, на самім праспэкце рух быў перакрыты, і мы пакінулі машыну прама на праезнай частцы. Было незвычайна людна, і мы ўзяліся за рукі, каб не згубіцца ў натоўпе. Плыні дызайнэраў, фатографаў, архітэктараў, іхных матак і бабуль павольна пасоўваліся наперад ва ўзбуджаным гомане. Вакол ДК Прафсаюзаў стаяла ачапленьне. «Толькі мастакі! Прашу вас! Толькі мастакі!» Змучаны жандар зірнуў на запрашэньне і прапусьціў Валіка. «Прабачце, але вам туды няма куды, самі бачыце». Мы бачылі: сквэр і лесьвіца ля параднага кішэла бэрэтамі, эцюднікамі, з бальконаў і з даху махалі рукамі, там было вельмі шчыльна, як у трамваі. Валік адразу згубіўся. «Ну што?» – сказала мама. Мы пачалі прасоўвацца назад, усё роўна мы б ужо не знайшліся з Валікам. Нам насустрач плылі новыя й новыя натоўпы, і мы ледзь выбраліся; у мяне адарваўся гузік з кофты. У парку было крыху вальней, і мы ўсталі ў чаргу ў кафэтэрый. Там анічога не прадавалі, акрамя ролтана і нэскафэ, але ўсе навокал былі такія сьвяточныя, прыгожа апранутыя і так заразьліва сьмяяліся і елі, што іншага і не хацелася. Дзяўчына побач з намі разьбіла аб'ектыў, але задорыста распавядала сяброўкам, што не шкадуе, што наступнага тыдню будзе зьлёт юных літаратараў – а там наогул чума! З кожным годам у геамэтрычнай! Там такое! Мама падняла брыво: хочаш? Толькі трэба крыху раней выехаць.

Валік вярнуўся ўвечары, цалкам шчасьлівы, хоць яму не хапіла ні вымпелаў, ні значкоў. Ён праглынуў некалькі кавалкаў пірага і рынуўся да мальбэрта. Пазьней ён успамінаў, што гэты зьлёт аканчальна ўмацаваў яго ў намеры ісьці шляхам мастака.