Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 04E

Пра холад

Калі пачынала халаднець, перад існом да нас з брацікамі падымалася мама і захінала ў коўдры і пледы. Яна настойвала, каб мы спалі ў піжамах, хоць нам гэта здавалася нядужасьцю, нявартай моцных духам і загартаваных целам асобаў. Пачакаўшы, пакуль яна спусьціцца па лесьвіцы, мы скідалі зь сябе ўсё, разнасьцежвалі фортку і засыпалі ў суровай прахалодзе. Але аднойчы мама па нешта вярнулася і, застаўшы нас мужна голымі, шчыра зьдзівілася.

– Няўжо вы ня чулі казку пра холад? Дык слухайце: жыў-быў адзін чалавек, у чыне старшыны, і вышэй за ўсё ў жыцьці ён ставіў холад. І ўлетку і ўзімку абліваўся ён халоднай вадой, суп еў выключна зь лядоўні, споднікі не прызнаваў, спаў галяком на бальконе і шанаваў загартоўку як сама галоўную чалавечую дабрачыннасьць. Усіх перасягнуў сваёй загартаванасьцю старшына: і адважных сяржантаў, і хвацкіх лейтэнантаў, і крэпкіх маёраў, тыя толькі дзівіліся й разводзілі рукамі ў захапленьні – куды, дзей, нам да яго! Нялёгка даводзілася старшыне, кожны зімовы дзень быў для яго пакутлівым выпрабаваньнем, але ён не здаваўся: са скрыгатам расчыняў дзьверы ў мяцеліцу і піў ледзяны кефір тварам да ветру, а потым залазіў у гурбу і са стогнамі расьціраўся мокрым ручніком. І вось аднаго разу вярнуўся ён дадому са службы да таго прамёрзлы, галодны і стомлены, што з жалю да сабе ў яго аж сьлёзы навярнуліся. І вось сядзіць ён, і бачыць раптам пад крэслам шкарпэткі – старэнькія чорныя шкарпэткі, з латкамі на пятцы – і дай, думае старшына, надзену я гэныя шкарпэтачкі, вялікай бяды ня зробіцца, ах, якія шкарпэтачкі. Нацягнуў ён шкарпэткі, дый так у іх і заснуў. І з таго дня паслабеў і пакаціўся па нахільнай: спачатку ложак з балькона ў пакой перацягнуў, потым пачаў у майтках спаць, потым у кашулі, потым пад шынялём. Але ўсё захоладна здавалася няшчаснаму старшыне! Накрываўся ён і коўдрамі, і пярынамі, і футрамі, і электрагрэлкамі, і дываны на сябе грувасьціў, і матрацы, і поліэтыленавую плёнку для парнікоў, і лінолеум, а пад канец выскачыў і пабег да шахцёраў: апусьціце мяне, братцы, у самую глыбокую шахту! Хачу, каб зямля была ўкруг мяне і каб грэла! Зьдзівіліся шахцёры, але не запярэчылі: прывязалі яго вяроўкай і спусьцілі на сама глыбокі падземны ўзровень. А старшына, калі дна дасягнуў, вяроўку перарэзаў і пачаў капаць, капаць як крот, уніз ды ўніз, і закапаўся, і ніхто яго з тых часоў ня бачыў. Кажуць, што дакапаў ён да самае магмы і ў пекла праваліўся, але й тамака яму холадна, і раз у год чутныя ў той шахце працяглыя стогны... Вось як, дзеткі.

Два разы тлумачыць нам было ня трэба! Мы сьпехам нацягнулі піжамы, схаваліся пад коўдрамі і пледамі і з тае пары ніколі ня спалі ў холадзе.