Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 04F

Пра музыку

Калі мы з брацікамі былі маленькія, тата рабіў усё, каб выгадаваць нас адукаванымі і культурнымі. Ён чытаў нам кніжкі, расказваў казкі, вадзіў у кіно, у цырк, і купіў велізарную лакаваную радыёлу. І мы ахвотна адукаваліся! А радыёла адразу стала нашай улюбёнкай – за глянцавыя клявішы. Але таце гэтага ўсяго здавалася недастаткова. Хмурны і заклапочаны, ён наракаў, што вялікая белая пляма ў культурным жыцьці ствараецца праз адсутнасьць у горадзе філярмоніі. І з прыкрасьцю адсоўваў кубак з гарбатай. Але наш тата ня быў пустым летуценьнікам або вечна незадаволеным нэндзам, ён быў чалавекам дзеяньня.

Неўзабаве ён дамовіўся з дырэктарам школы наконт арэнды актавае залі па выходных. І мы пачалі ладзіць філярманічныя канцэрты! Мы прывозілі на калясцы радыёлу, вялікія дынамікі, печыва і пернікі. Расстаўлялі крэслы і рассаджваліся. Тата выступаў у ролі дырыжора: строгі чорны швэдар, ускудлачаныя валасы і настаўніцкая ўказка. Ён стаяў на эстрадзе, гледзячы ўніз. Калі ўзьнікала музыка, ён падымаў твар, засяроджваў бровы і зачынаў чарціць ў паветры указкай, то плыўна, то рэзка і адрывіста, імкнучыся патрапляць у такт. Час ад часу ён пазіраў на нас, і гэта значыла, што ён піша словы, і трэба адгадваць. «Брукнэр – вялікі кампазытар», – чыталі мы. Але Брукнэр і Малер былі нам нудныя. Больш за ўсё мы любілі Шастаковіча. Мы чакалі, пакуль тата паставіць Пятую сымфонію, і тады кідалі крэслы, пачыналі скакаць і бегаць па зале. Гэта не забаранялася, наадварот – тата ўхваляў харэаграфію. Нам падабалася залазіць на эстраду і кідацца адтуль у рукі братоў, на манер панкаў. Тата ўсьміхаўся і таксама трошачку прыскокваў. Паркет парыпваў. Калі кружэлка заканчвалася, мы, цяжка сапучы, ішлі ў буфэт, елі булачкі з павідлам і слухалі татавы развагі пра карыснасьць музыкі. Мама, пасьпешліва тупаючы, уносіла чыгун з баршчом, поўны, цяжкі, гарачы. Тата ускокваў, падхопліваў – не апячыся, матухна! Што ж ты раней не прыйшла? Першае аддзяленьне такое слаўнае было! Ну, хоць на другое пасьпела. Давайце, дзеткі, бярыце лыжкі! Ешце хутчэй і пойдзем. Другое аддзяленьне пачынаецца! І мы глыталі, сьпяшаліся, баяліся спазьніцца.

Вось так пакрысе мы і заахвоціліся музыкай.