Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 04D

Пра працу мастака

Яшчэ да таго часу, як мяне аддалі на вучэньне, мой брат Валік, выдатнага таленту мастак-партрэтыст, ужо дамогся шырокага грамадзкага прызнаньня. Рамантычна наважаныя дылетанты лічаць, што жыцьцё мастака поўніцца натхненьнямі, творчымі імпэтамі і працякае за мальбэртам, палітрай і палотнамі – але гэта дрымучы міф. На пісаньне партрэта Валік губляў ня больш за паўгадзіны – ён быў пасьлядоўнікам мінімалістычна-экспрэсіўнае школы – а потым пачыналіся званыя абеды. Праца мастака ў тыя часы аплачвалася мізэрна, і Валіку, адзіны карміцель малютак-брацікаў, мусіў пісаць партрэты штодня, а потым яшчэ й заставацца на абед, каб зэканоміць на харчах.

Званыя абеды Валік ненавідзеў тужлівай нянавісьцю. Пісаць партрэты яго запрашалі альбо з нагоды паўналецьця дачкі, альбо на чэсьць срэбранага вясельля, альбо па факту выхаду ў адстаўку – і зразумела, што і заказчыкі, і іхныя госьці былі спрэс невыносныя пачвары. Чаго каштавалі адны толькі інспэктарыхі! Агурок ня лез у рот, калі яны пачыналі павучальныя гутаркі пра тонкую энэргетыку, нэгатыўны магнэтызм і духоўныя практыкі. Глытай, глытай! – прымушаў сябе Валік, але горла сьціскалася, не прымаючы нават сьлізкі салёны грыбочак. А масьцітыя, мацёрыя намесьнікі? Яны былі яшчэ горай за сваіх жонак: навальваліся на плячо, сыта дыхалі каньяком і з прыцмокваньнем, з сапеньнем, з пачмякваньнем успаміналі свае гнюсна-студэнцкія гады. Калі намесьнікі нарэшце сыходзілі ў курыльню, і зьяўлялася нявызначаная паўза, Валік пасьпешліва набіваў рот бульбай і памідорамі. Кусаў, жаваў, глытаў, запіваў кефірам. Шчасьце, калі абед на гэтым канчаўся! Але часьцяком канец быў кепскі: ці то гаспадары, ці то госьці патрабавалі музыку. І, пасьля кароткіх роздумаў пра рэпэртуар, прыжмурвалі вочы, з аднадушна глыбокай павагай шэпчучы: Аббу!

Гэта Валік ўжо ня мог вытрымаць! У шаленстве ён ускокваў, перакульваючы крэслы і абрушваючы кашпо, і равеў першабытным голасам: ненавіджу! ненавіджу! праклінаю мярзотную Аббу! І падаў у непрытомнасьці.

Пачынаўся перапалох. Валіка ўкладвалі на пярыны, пырскалі размарынам, тэлефанавалі фэльчару, паілі парашкамі і давалі нюхаць соль. Нарэшце выклікалі павозьніка і адпраўлялі дадому. Мадамы вагалі галовамі ўсьлед: «Які выкід нэгатыўнае энэргіі! Творчая асоба, што зробіш».

Мы беражліва здымалі Валіка з каламажкі, вялі ў хату. Чысьцілі яму зубы, прычэсвалі і клалі спаць. Заўтра зноў трэба было ісьці батрачыць.