Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 04C

Пра пляваньне

На шчасьце, аўторкі хутка канчаліся, упэўненасьць і аптымізм вярталіся да нас, і мы з палёгкай казалі адзін аднаму: не, справы ніколі ня скончацца! Таму што адна справа цягне за сабой дзесяць іншых. «Жыцьцё невычэрпнае, прынамсі невычэрпнае чалавекам», – так мы думалі па серадах, і з гэтае думкі нам рабілася лёгка і радасна. Мы спаборнічалі: хто хутчэй прыдумляў новую справу, таго на ўвесь дзень менавалі трыюмфатарам. Аднойчы Валік прыдумаў пайсьці паглядзець, як гатуюць ў рэстарацыі. Дакладней, спраўдзіць татавы словы, ці на самой справе кухары й афіцыянты плююць у ежу, і калі так, дык у які метавіта момант? Бо калі плюнуць, прыкладам, у гарачае да гатовасьці, дык палкі пар мусіць абясшкодзіць заразную сьліну? Мы пераапрануліся ў кухараткаў і пракраліся на кухню праз чорны ход, беззабаронна абмінуўшы ахову. Мы адразу зразумелі, што прыйшлі не дарма – на кухні было надзіва весела! Кухары з рогатам спаборнічалі, хто трапней заплюне ў харчо: адыходзілі на дзесяць крокаў, на дванаццаць, мылялі вуснамі і шчокамі, стымулюючы сьліну. У піццу плявалі пад кожную каўбаску, у сушы плявалі пад кожную рыбку. Афіцыянты не адставалі, на бягу падплёўвалі ў мусы, соўсы і чызкэйкі, а нажы і відэльцы перад падачай аблізвалі сваімі распухлымі ад празмернасьцяў языкамі. Мы запыталіся ў самога тоўстага кухара, па выглядзе шэфа, ці перадаецца сьнід празь сьліні? Вядома! – важна пацьвердзіў ён, і ўсе іншыя кухары згодна заківалі. І ня толькі сьнід, і ўсё астатняе таксама! Давайце, дзеткі, ну! Плюйце ў салаты! Мы спачатку крыху саромеліся, але потым увайшлі ў смак і з гіканьнем заскакалі па кухні, заплёўваючы ня толькі салаты, але й чыстыя талеркі. Вось малайцы! – нахвальвалі нас кухары, – вось прыгажуны! Яны хутка-хутка шаткавалі моркву і кідалі нам аранжавыя кружочкі, а мы лавілі ратамі і хрумсталі. Потым у ахоўнікаў надышла перазьменка, і яны далучыліся да нас, але ім больш падабаўся студзень. Ну дык што, тлумачылі нам ахоўнікі, ну дык што, што ў яго наплявалі? Па-першае, сьліна нячутная на смак, па-другое, мы самі сухотныя і бацылу не баімся, па-трэцяе, ганарыстасьць нам чужая. Ахоўнікі падарылі нам вялікі сьвісток, крыху абкусаны па краі, з аксаміцістым белым шарыкам усярэдзіне, а кухары падарылі зручную прыхватку зь сінімі васьміножкамі.

З тых часоў мы ніколі ня грэбавалі есьці у рэстаранах.