Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 04B

Пра недаеданьне

Па аўторках пасьля школы мы з брацікамі звычайна зьбіраліся і рабілі тое, чаго яшчэ ні разу раней не рабілі. Напрыклад, аднойчы мы выправіліся ў рэстаран. Адмыслова дзеля гэтага мы пераапрануліся ў белыя кашулі, чорныя строі, лакавыя туфлі, прычасаліся і ўвайшлі. Мы стараліся паводзіць сябе бездакорна: па чарзе важка казалі пра палітыку, стрымлівалі міміку, не дакраналіся да твару і сядзелі прама, прыціскаючы локці да бакоў. Калі прынесьлі ежу, мы па-шляхецкі адтапырылі мезенцы і з выглядам знаўцаў боўталі віно ў келіхах, разглядаючы яго на прасьвет. Ежа была ня надта смачная, але мы мэтадычна зьелі ўсё да дробачкі, наклаўшы кожную нажом на відэлец і пражаваўшы з зачыненымі вуснамі 33 разы. Мы спрабавалі адгадаць па афіцыянтам, ці добрае пра нас складаецца ўражаньне, але афіцыянты чамусьці адводзілі ад нас погляды, і на іхных тварах не было й ценю належнае пачцівасьці. Прываліўшыся плячыма да сьцяны, яны глядзелі кудысь у акно. Нават чаявыя яны прынялі холадна й напышліва, а ахоўнік праводзіў нас адкрыта пагардлівым позіркам.

«Што мы зрабілі ня так?» – спыталі мы ў таты з мамай, вярнуўшыся. Тата заўважыў, што толькі дурні ходзяць у рэстаран, бо там табе могуць плюнуць у талерку, але мама патлумачыла: ані ў якім разе нельга даядаць ежу да канца, гэта верх непрыстойнасьці. Ідзіце і паспрабуйце яшчэ раз, у вас усё атрымаецца.

«Што за абсурд і бязглузьдзіца?» – падумалі мы, але паслухаліся мамінае парады і вярнуліся ў рэстаран. Зараз, дачакаўшыся падачы супу, мы нават не дакрануліся да яго, і толькі дакорна маўчалі, зрэдку прамакаючы лбы хустачкамі. Вынік быў імгненны: афіцыянты занепакоіліся, забегалі вочкамі, заскублі бародкі. Зьмяніце! – крыкнуў Колік празь дзесяць хвілін. Прыбралі суп і прынесьлі наступныя стравы. Цяпер афіцыянты сьмешна драбязілі і лісьліва падхіхіквалі. Мы моршчыліся і адсоўвалі прыборы далей. Мы закурылі і стрэсвалі попел са зьдзіўленай пагардай, быццам попельніца была заплёваная. Прыбярыце! Нясіце кампот! – загадаў Валік празь дзесяць хвілін. Падлашчваючыся і зазіраючы ў вочы, афіцыянты вынесьлі кампот. Стоячы за нашымі сьпінамі, яны зьняважана горбіліся і манежыліся, як малпы. Мы кінулі на стол сурвэткі, кінулі банкноты і падняліся. Яны пабеглі да нас, падаючы паліто, капелюшы і пальчаткі. У змрочным маўчаньні мы выйшлі. Я выходзіў апошні і бачыў краем вока, як ахоўнік працягнуў нам усьлед малітоўна складзеныя рукі. Уся ягоная пастава выяўляла роспач. Трагедыя адрынутага апостала.

Вось так з кожным аўторкам няробленых спраў заставалася ўсё менш. Мы глядзелі ў будучыню з некаторай асьцярогай – што будзе, калі мы зробім абсалютна ўсё?