Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 04A

Пра словы

Калі мы былі маленькія, перад існом нам абавязкова патрабавалася казка. Мама распавядала выключна добрыя казкі, і ўгаварыць яе на страшную было амаль немагчыма. Іншая справа – тата. Патушыўшы лямпу, ён запальваў ліхтарык і сьвяціў сабе на твар зьнізу, каб дадаць жудасьці. Ён ведаў, якія казкі мы любілі больш за ўсё – калі ў іх таямніча зьнікаюць маленькія хлопчыкі.

– Жыў-быў адзін хлопчык, зусім звычайны: вучыўся сярэдне, паводзіў сябе паслухмяна, любіў валачашчых сабакаў і час ад часу ірваў на каленках штаны. Бацька ягоны працаваў у будоўлі – да позьняе ночы ўзводзіў жыльлёвыя масівы, а часам і наогул у камандзіроўку зьяжджаў. А маці была мастачкай, займалася батыкам і керамікай, і на хлопчыка ў яе таксама часу бракавала – то выставы, то сэмінары, то творчая ліхаманка. Таму на мозг яму ніхто ня ціснуў, і ён разьвіваўся вольна ва ўсе шэсьць бакоў. У малодшай школе хацеў, як і многія, стаць пажарнікам і сьледчым, а крыху пазьней, клясе а пятай – архітэктарам або мастаком, накшталт маці з бацькам. Благія кампаніі шчасна абышлі яго бокам, дый ён і не сябраваў ні з кім асабліва, толькі з адным тоўстым аднакляснікам-выдатнікам. А дзівацтвы ягоныя ўпершыню выявіліся ў сёмай клясе, калі на занятках па грамадазнаўству зноў пачалі абмяркоўваць пляны на будучыню. Дзеці пасталелі: хто хацеў займацца прафэсійным спортам, хто – мэдыцынай, хто – бізнэсам. Тоўсты выдатнік абвясьціў, што стане лінгвістам і філёзафам. Потым чарга дайшла да нашага хлопчыка, і ён сказаў, што ягонае прызначэньне – кабарын. «Гагарын? – недачула настаўніца, – ты хочаш стаць касманаўтам?» «Кабарын», – паўтарыў хлопчык. «Барын!» – гукнуў нехта, і ўсе рагаталі. «Кабан! Ха-ха-ха! Кабан!» «Ціха, дзеці! – настаўніца падумала, што хлопчык пажартаваў. – Ня сьмешна. Сядай. Хто наступны?» Але з тых часоў заўсёды, калі гаворка заходзіла пра прафэсію, хлопчык казаў, што ён стане кабарынам. Некаторыя сьмяяліся, а некаторыя дапытваліся – і хлопчык пачынаў тлумачыць ім значэньне слова, але зразумець чамусьці ні ў каго не атрымлівалася. Нарэшце ўсе зацьвердзіліся, што хлопчык занадта загуляўся ў свой жарт, ужо надакучыўшы, і гэтую тэму абыходзілі бокам. За ім замацавалася мянушка Кабарын, а пра гісторыю мянушкі пакрысе забыліся. Прайшло пару гадоў, і школа скончылася. Увечары бацька падарыў хлопчыку сталёвую запальнічку і скрынку з прэзэрватывамі, а потым спытаў, куды той пойдзе вучыцца. Хлопчык адказваў, што паступае ў каледж, і назваў спэцыяльнасьць. Бацька не зразумеў з назвы ніводнага слова, але каб не губляць годнасьці, выгляду не падаў. Ці мала бывае спэцыяльнасьцяў? Галоўнае – сын ведае, чаго хоча. А маці ўдзельнічала ў чарговым вэрнісажы і наогул засталася ня ў курсе. І вось: прыкладна празь месяц, калі маці йшла перад існом у прыбіральню, яна ўбачыла за прыадчыненымі дзьвярыма ваннага пакою постаць сына, усю ў рабізьне, як гэта бывае на экране тэлевізару падчас дрэннага прыёму сыгналу. «Сынок!» – паклікала яна спалохана, і ён павярнуўся да яе, зрабіўшыся цалкам нармальным. Ён чысьціў зубы. «З табой усё добра?» – спытала яна. «Афуль вялф кабарын сінул», – ён неразборліва ўсьміхнуўся ёй скрозь пену пасты. Маці зрабіла выгляд, што зразумела яго, і ўсьміхнулася ў адказ. Наступным разам бацька, вярнуўшыся з будоўлі моцна падпіты, прыабняў хлопчыка за плечы і па-сяброўску пацікавіўся – ці маюцца у ягонай групе дзеўкі фігурыстыя? «Валдорн мунія пэнезполд кабарын. Сямболіпі геліскул», – паківаў хлопчык шчыра. Ягоныя плечы пікалі. Бацька зьбянтэжана паглядзеў на яго, але сьпісаў усё на гарэлку і пайшоў спаць. З таго дня хлопчыка ўжо ніхто ня мог зразумець. А потым ён зьнік. І сабакамі яго шукалі, і вадалазамі, і сяброў апытвалі, і дзевак фігурыстых. Нарэшце прыйшлі да аднаклясніка-выдатніка дапытвацца. «Ну а чэ ж вы хацелі? – адказваў выдатнік удумліва і з дыхавіцай. – Ён стаў-такі кабарынам». «Але што, што гэта такое?!» – усклікнуў бацька. «Дык у тым і справа, што незразумела, што гэта такое. Слова гэтага ў чалавечай мове няма. І паняцьця такога няма. А ён узяў, дый атаясаміўся ​​з гэтым. Выйшаў, як гавораць, за межы разуменьня. Ступіў!» «Але гэта ж проста слова! Слова! А дзе наш сыночак?» – загаласіла маці. «Даволі словаў! Дзе цела?» – падтрымалі яе сьледчы і пажарнік. «Ну чэ ж вы гэткае кажаце, га? – выдатнік засьмяяўся тоўстымі шчокамі. – Дарослыя ж людзі. Высьмяхаецеся, ці што? Дэрыду не чыталі, ці што? Няма, няма аніякіх целаў, каб вы ведаць хацелі, – і, вытрымаўшы значную паўзу, важка вымавіў: – Ёсьць толькі словы».