Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 049

Гэта толькі пачатак

Паціху чарната ажывала. Праяўляліся вобразы, прадметы, і ўсе – чароўна насычаных колераў, зь цьвёрдымі акруглымі гранямі, быццам зробленыя зь ледзянцоў. Дакрануцца было немагчыма, і я глядзеў. Мае таварышы, якія аказаліся жыцьцяздольнейшымі за мяне, ужо на ўсю моц займаліся: дзяўчынка Леначка, былая сьляпая, танчыла перад люстэркам у велізарных ліловых слухаўках, а вакол яе ў такт нячутнай музыцы ўспыхвалі россыпы далікатных промняў; аўтааматар Рыгор, сагнуўшыся над джойсьцікам, насіўся па сэрпантынам на навюткіх нісанах, перакульваўся, ляцеў, узрываўся букетам вогненных аскепкаў і імчаў далей; шахцёрскі сірата Куценька з блажэннай усьмешкай плыў на белай хмарцы над залатымі палямі, над зялёнымі лясамі, над новабудоўлямі, з жаўрукамі.

– Як до-обра, Ролю, га? Як хо-ораша! – сьпяваў Куценька.

Я не адказваў.

– Не лянуйся, ствары штосьці, зрабі сабе па-альчыкі.

– Мне тут не падабаецца.

– Ну навошта ты адразу! – Леначка ссоўвала слухаўку. – Гэта толькі пачатак! Далей будзе цікавей! Ну што ты дзічысься?

– Не хачу. Сыду.

– Цябе не адпусьцяць!

– Уцяку.

– І як жа ты ўцячэш?

– Уцяку.

– Да матухны захацеў? А пра Белага Паляўніка чуў? – паварочваўся Рыгор. – Ад яго не схаваесься, ён за кілямэтры зьбеглых чуе! І бачыць скрозь сьцены, скрозь атамную рашотку! Ловіць такіх, як ты, коле з шпрыца атрутай і душыць.

– Лухта.

– Сам ты лухта! Ляжыш тут і ня ведаеш анічога. А нам ужо шмат чаго распавялі.

– Яны ня могуць трымаць тут чалавека супраць волі.

– Чалавека мо й ня могуць. Але хто тут чалавек?

Я маўчаў.

– І ведаеш што?

Ён нахіліўся да мяне. «Каго зьбеглага зловіць – наругаецца і скарыстаецца. Жах які шалёны, усё яму мала». Ён адвярнуўся і самазадаволена круціў галавой, разьмінаючы шыйныя пазванкі. На ўкормленым карку пераліваліся зморшчыны скуры. Гад! І тут я раптам зразумеў той унутраны рух, якім ствараюць рэальнасьць і робяць сабе пальчыкі. Я ўжо адчуваў, як яны распухаюць і выцягваюцца – дужыя, касьцяныя, з агрубелымі кончыкамі.