Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 048

Пра фізычную культуру

Акрамя іншых прадметаў, у нашай школе вывучалі фізычную культуру. Выкладаў яе сэньёр Рунас, былы абат, народжаны пуэртарыканец. Не па сваёй волі, вядома, а па прызначэньню дырэктара – настаўнікаў у тыя часы дужа не хапала. Сэньёр Рунас быў чалавекам духоўным і пагарджаў фізычнай культурай. Усе нашыя практыкаваньні складаліся з павольнага гуляньня да школьнага стадыёна і сядзеньня на травяністым узгорку пад яблыняй. Некаторы час мы традыцыйна глядзелі на праплываньне аблокаў, а потым ён частаваў нас цукеркамі «кароўка» і пачынаў занятак:

– Ці магчымае ў наш час хоць нешта? Ці магчымае прынцыпова? – голас сэньёра Рунаса быў сумны. – Што б мы ні сказалі, што б ані падумалі – усё ўжо накрэсьлілі на скрыжалях Вялікія. Гекатомбы Вялікіх строга сочаць за нашымі наймалейшымі пукамі: «га? што ты тамака наважыўся? мы ж ужо пісалі пра гэта – сто гадоў таму і нават тысячу!» Любую нашую думку можна раскласьці на Вялікія складнікі. Любую, любую, любую. Што вы на гэта скажаце, дзеткі? Думайце.

– Апакаліпсіс блізкі, як ніколі, – звыкла адказваў Толік, і ўсе моршчыліся з гэткай банальнасьці.

– Хутка наперадзе якасны скок, пераход на новы ўзровень. Нечуваны фазавы зрух! – казаў я, з усіх сілаў спрабуючы не зарагатаць і праз слова пачмыхваючы. Але мае жарты даўно надакучылі, і ўсё слухалі Валіка.

– Толькі плябей і выскачка разглядае ўласныя думкі скрозь чужыя прызмы! – усклікаў Валік узьнёсла. – Моцны і сьмелы ня чуе шэпту з магілаў, моцны і сьмелы стварае сьвет нанава!

– Толькі плябей і выскачка пагарджае футболам! – перарываў Колік, нахабна гледзячы абату ў вочы. – Сапраўдны арыстакрат духу не баіцца цела, яно падуладнае яму, як паслухмяны інструмэнт. Брамс абліваўся халоднай вадой, а Брытэн гуляў у тэніс!

Карацей, у нас было весела. Потым мы ўсе разам ішлі шукаць Хуліё, і знаходзілі яго ў зарасьніках багуна – ён ляжаў і закахана стагнаў, і цёрся плячыма аб купіны, як кот. Ён марудліва паварочваў на нас свой ​​погляд, але нічога ня бачыў і ня чуў, пагружаны ў салодкія мары. Сэньёр Рунас яго заўсёды хваліў і ставіў прыкладам: вось вам чалавек новага сьвету! Вучыцеся.