Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 047

Пра пыласосьніка

Па чацьвяргах да нас прыходзіў пыласосьнік – дужы мужчына ва ўзросьце, з шырокімі вусамі на сур'ёзным твары, у вязанай кофце і вэльвэтавых штанах. Пыласос ён насіў на брызэнтавым рамяні цераз плячо, цёмна-сіні самсунг, маленькі, але моцны. Паважна павітаўшыся з татам і мамай і пачаставаўшы нас з брацікамі маркоўным пірагом, ён умыкаў пыласос у разэтку і прымаўся за справу. Ён пыласосіў старанна, з задавальненьнем, усьміхаючыся і напяваючы, не прапускаючы аніводнага сантымэтра. Ён не ленаваўся і ня грэбаваў насадкамі: шчотка для падлогі, плоскі плашчак для дываноў, тарка для канапаў, соска для цяжкіх кутоў. Мама не аднойчы згадвала, што пыласосьнік ходзіць па хатах выключна дзеля ўласнага задавальненьня, але аднойчы мы вырашылі даведацца пра гэта ў яго самога. З хвіліну мы штурхаліся ў яго за сьпіной, саромеючыся падысьці, і нарэшце выштурхнулі Валіка. Зьбялеўшы, Валік крануў пыласосьніка за рукаў. Павярнуўшыся і ўбачыўшы нас, ён вымкнуў пыласос і падняў на лоб шкляныя матацыклетныя акуляры, якія напранаў для бясьпекі.

– Дзядзечка, навошта вы пыласосіце? – піскнуў Валік.

– Падабаецца, – адказаў ён проста. – Вядзеш шчоткай па пылу, а за ёй роўны чысты сьлед застаецца. Праз гэта мне прыемна становіцца, і адчуваю лёгкае такое ўзбуджэньне, быццам з горкі лячу. Як у піянэрскім лягеры ўбачыў пыласос ў першы раз, так і закахаўся ў яго!

– Але няўжо ж вам не надакучыла?

– Не, дзеткі, не надакучыла... – пакруціў ён галавой і задумаўся, а за хвіліну прамовіў: – Я вам вось што скажу, дзеткі. Празь зьменьлівасьць – усе беды чалавечыя. Адзін жанчыну пакахае, а потым разьлюбіць і кіне, іншы пачне сымфонію пісаць, стоміцца і плюне, а трэці шчанятку прыгрэе, прылашчыць, дый утопіць праз паўгады. Запомніце: чалавеку, якому надакучыла, імя паганец. А што будзе, калі ён у Госпада спачатку паверыць, а потым надакучыцца? Маўчыце? Вось як.

І ён, пагладзіўшы нас па галовах, працягнуў уборку, а мы марудна падняліся ў свой ​​пакой і селі на ложку, з запозьненым каяньнем успамінаючы, як учора папрасілі маму не гатаваць больш прасяную кашу. Яна яшчэ так скоса зірнула...