Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 045

Пра прадказаньні

Адной з улюбёных забавак у нашым горадзе былі аракулы. Бліжэйшы да нас аракул знаходзіўся на суседняй вуліцы, насупраць малочнае крамы – шэрая дашчаная будка зь зялёным эмаляваным вядром на столку. Калі вам прыходзіла ў галаву думка – вы запісвалі яе на аркушык ​​і кідалі ў вядро, а калі шукалі прадказаньне – ціхутка загадвалі пытаньне, засоўвалі руку паглыбей і выцягвалі штосьці наўздагад. З усіх нас да аракула часьцей зьвяртаўся закаханы Хуліё – каб атрымаць падказку пра шляхі да ўзаемнасьці. Аракул часам сапраўды гаварыў справу, але звычайна абвяшчаў нешта абстрактнае ці нават расхалоджваў.

«Сэксуальная пацяга існуе дзеля таго, каб нават самая грубая чалавечая душа мела магчымасьць зьведаць каханьне. Мяккі, але настойлівы штуршок у сьпіну».

Прачытаўшы такое, Хуліё сьмяяўся і махаў рукой, а Колік адбіраў у яго аркуш ​​і наклейваў над сваім ложкам – ён меў ідэю, што шмат маленькіх прадказаньняў аднойчы дасягнуць крытычнае масы і зьліюцца ў адно велізарнае, усёабдымнае.