Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 044

Пра самага разумнага чалавека

Глядзець Сама Разумнага На Сьвеце Чалавека мы з мамай і татам паехалі ў абласны опэрны – бо ў наша мястэчка яго не прывозілі. Перад тым, як ісьці ў касу, тата адвёў нас у тэатральны рэстаран, спачыць з дарогі, і тут нам пашанцавала – за суседнім столікам абедаў сам Старэйшы Білетэр. Ён павітаў нас, паслаў бутэльку бажале і крыху распавёў пра атракцыён. Паказ ішоў ужо другі сэзон, людзей было не зашмат, але ён усё ж параіў ня йсьці з усімі, а набыць пэрсанальныя квіткі і сустрэцца з Сама Разумным На Сьвеце Чалавекам асабіста, наўпрост у ягоных апартамэнтах. «Калі?» «Зараз». Тата ахвотна падпісаў чэк, мы даелі салаты і паехалі на ліфце – ён жыў тут жа, у пэнтхаўсе адміністрацыйнага корпуса. Старэйшы Білетэр адамкнуў замок сваім ключом, але сам заходзіць ня стаў, расчыніў дзьверы і саступіў убок. «Пяць хвілін». У пэнтхаусе было прасторна і сонечна, Эванс летуценна падыграваў Холлу, віселі партрэты Пірагова, Боткіна і яшчэ некалькіх, незнаёмых нам. Сама разумны чалавек сядзеў на тапчане, закінуўшы нагу на нагу, паліў цыгарэту з мэнтолам і гартаў часопіс. Мы расьселіся ўздоўж супрацьлеглае сьцяны на крэслах і глядзелі на яго. Ён насіў штаны ў вузкую палоску, вольны хатні пінжак і балеткі. «Напэўна, трэба нешта спытаць у яго», – шапнуў тата.

– Прывітаньне! – сказалі мы.

– Прывітаньне, – адгукнуўся ён, ветліва адарваўшыся ад часопіса.

– Як цябе завуць?

– Аляксандар.

– Колькі табе год?

– Трыццаць два.

У ягоных вачох чыталася незвычайная моц думкі, спакойная і сьвядомая, і за кожным словам стаяў імгненны ланцуг інтэлектуальна бездакорных высноваў. Мы губляліся – пра што запытацца? Чым адрозьніваецца кангруэнтнасьць ад канвэргентнасьці? Ці зьяўляецца рацыянальнай пастаянная Эйлера? Як распазнаць нягодніка зь першага погляду? Навошта ў носе растуць валасы? Усё гэта было дурное і недарэчнае, маўчаньне доўжылася, і нас пачала падшыбаць благая весялосьць.

– Колькі будзе два плюс два? – дрыготкім голасам спыталі мы і зарохкалі, душачы сьмех.

Тата з мамай таксама рохкнулі. Сама Разумны На Сьвеце Чалавек паглядзеў на нас з дакорам. Ён адкашляўся, зірнуў на гадзіньнік і апусьціў вочы назад у часопіс. Ягоныя бровы былі зьдзіўлена паднятыя, але ён стрымаўся і ня стаў вымаўляць нам, бо мы заплацілі за квіткі і мелі права на ўсё.