Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 043

Пра дзёньнік

Калі ў нас з брацікамі пачалі прабівацца першыя бакенбарды, мы вычыталі ў юнацкім часопісе, што вельмі карысна весьці дзёньнік, запісваць у яго ўсялякія падзеі – і потым аднойчы, праз гады, будзе прыемна разгарнуць яго і ўсё ўспомніць. Як і належала, мы вялі дзёньнікі ноччу, глыбока пад коўдрай, зь ліхтарыкамі. І, зразумела, хутка за гэтым заняткам нас застукаў тата. Мы зрабілі непавінныя выгляды, а ён зрабіў выгляд, што нічога не заўважыў. Але без зануднае павучальнае казкі не абышлося:

– Жыў-быў адзін чалавек, які вельмі турбаваўся каб анічога са свайго жыцьця ня страціць. Спачатку ён вёў дзёньнік, і скрупулёзна ўносіў туды кожны свой рух.

– І? – мы былі раззлаваныя і наважаныя скептычна.

– А потым дзёньніка яму здалося мала, і ён купіў фотапарат, і кожны дзень фатаграфаваўся, калі-нікалі нават па некалькі разоў.

– І?

– А потым і фотаздымкаў яму здалося мала, і ён купіў відэакамэру і дыск зь велізарнай памяцьцю, і бесьперастанку здымаў сябе ў вышэйшай якасьці. Менавіта так, ішоў па вуліцы, адставіўшы руку з камэрай, і здымаў сябе.

– І?

– І ён засьняў усё-прыўсё сваё жыцьцё, да сама глыбокае старасьці. А потым ціхамірна сканаў.

– І?

– І ўсё! А што вы яшчэ хацелі?