Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 042

Пра вумныя кніжкі

У нашай сям'і асаблівым інтэлектам аніхто ня мог пахваліцца, ну а мы з брацікамі дык зусім – урадзіліся поўнымі тупіцамі. Чамусьці нашыя мазгі не жадалі дасканаліцца, і мы з кожным годам не разумнелі, як нармальныя дзеці, а ўсё больш тупнелі і тармазіліся. Магчыма, гэта ўтваралася праз ручнікі, якімі мама перавязвала нам галовы, каб мы менш балюча біліся, падаючы ноччу з ложка. Магчыма, гэныя ручнікі пераціскалі нейкія важныя артэрыі, і нашыя мазгі не атрымлівалі належнага жыўленьня.

Калі мы скончылі трэцюю клясу, перад тым, як адпусьціць нас на вакацыі, дырэктар школы вымераў нам інтэлекты і пацмокаў языком. «Такой кепскай адзнакі я яшчэ ня бачыў, – сказаў ён. – Вам пара разумнець, пакуль яшчэ ня позна! Мазгі – яны хутка дубянеюць, і потым ужо наогул анічога ня зробіш. Я вам раю чытаць пабольш кніжак. Ручаюся, гэта лепшае, што вы можаце распачаць! Сам я ў дзяцінстве таксама быў тупак, але кожны год чытаў па кніжцы, мазгі зараджаліся, як батарэйкі, і ў выніку вось – зараз я вышэй за сярэдняга, нават дырэктар. Памяркуйце!»

Мы памеркавалі і пастанавілі, што сапраўды пара брацца за розум, але што кожны год чытаць па кніжцы – гэта занадта. Лепш прачытаць адну, але надзвычай складаную, і тады мазгам хопіць зарада на ўсё жыцьцё. Мы пабеглі ў бібліятэку і спыталі сама разумнейшыя кніжкі, якія толькі яны маюць. Бібліятэкары пашапталіся, пашабуршаліся і прынесьлі, на адмысловым лякіраваным падносіку. Мы падыходзілі па адным і цягнулі наўздагад, з зачыненымі вачыма: Хуліё выцягнуў «Фэнамэналёгію духу», Колік – «Крытыку чыстага розуму», Толік – «Быцьцё і час», Валік – «Лёгіка-філязофскі трактат» з камэнтарамі, а мне прыпаў «Уліс».

Спачатку я ўзрадаваўся, што з раманам будзе прасьцей, чым зь філязофіяй, ды дзе там – кніга аказалася жорсткай і зубаскрышальнай! Закусіўшы рукаў, я цэлых тры жудасных дні запар упарціўся, не здаваўся і прадзіраўся скрозь абзацы, нават у прыбіральні. Мне таксама хацелася стаць дырэктарам! Але маё юнае цела нясьцерпна пакутавала жахлівым чытвом і ў адзін цудоўны момант аканчальна адхіліла яго – пальцы самі сабой расьціснуліся, і Джойс паляцеў у сьмярдзючую яму. Вылавіць яго не было ніякай надзеі, цяжкая таміна адразу патанула. «Авохці мне! – забедаваў я, – цяпер ужо ніколі не пазбыцца мне тупасьці!» Спустошаны, ані не паразумнеўшы, са сьлязьмі роспачы на вачох, я выйшаў з прыбіральні і павалокся на возера, да зрыву, глядзець на чаек.

Як жа я ўзрадаваўся, калі спаткаў тамака ўсіх маіх брацікаў! Выявілася, што Хуліё страціў Гегеля ў лесе, Колік выпадкова спаліў Канта ў вогнішчы, Толік незнарок спрэс заліў Гайдэгера чарнічным сочывам, а ў Валіка адабралі Вітгенштэйна хуліганы. Мы абняліся і доўга плакалі разам, а потым купаліся. Зразумела, на наступны ж дзень мы пабеглі ў бібліятэку зноў, але ў падаўжэньні абанэмэнта нам адмовілі.