Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 03E

Пра камэту

Мае брацікі падабраліся вельмі розныя. У кожным зручным выпадку яны адзін аднаго недалюблівалі: чыталі маралі, вучылі жыць і распавядалі казкі з крыўднымі намёкамі. Асабліва прыпадала Хуліё – за ягонае захопленая пакланеньне перад жанчынамі. Вось і зараз, калі Хуліё, прачнуўшыся на золку і не заўважыўшы нас, выйшаў на ганак, ягоныя вусны варушыліся, шэпчучы палкую лірыку. Падзьмуў ранішні ветрык, страпянуліся кучары на чале, затрымцела туніка, прыадчыняючы пяшчотнасьці – і я мімаволі залюбаваўся браткам. А Колік, скептычна гуляючы ножыкам, хмурыўся.

– Ну здароў, Хулі, – нарэшце сказаў ён.

– О! Колю! – Хуліё радасна пайшоў да нас, раскрываючы рукі. – Ты вярнуўся!

І яны, ледзь пасьпеўшы абняцца і расцалаваць адзін аднаго, пачалі спрачацца – бязь лішніх прадмоў. Не абцяжваючы сябе нават тэзісамі, Колік адразу перайшоў да аргумэнтаў і расказаў гісторыю, нібыта чутую ім у Смаленскім цэнтрале:

– Жыў-быў – чуеш, Хулі? – жыў-быў пацан. Ну гэта значыць юнак. І вось аднойчы сустрэў гэты юнак выдатную дзяўчыну і пакахаў яе ўсёй душою. Была яна да таго прыгожая, што ён ня мог адвесьці позірку зь яе твару – і яна мусіла жартоўна пстрыкаць яго па носе. Была яна да таго разумная, што заўсёды выйгравала ў яго ў шахматы – і потым так весела рагатала і так ласкава гладзіла яго вінаватай далонькай, што ён быў гатовы прайграваць мільён разоў запар! Яна была выдатна адукаваная – ведала на памяць старажытных паэтаў, гісторыю жывапісу і біяграфіі славутых кампазытараў. Яна валодала бездакорным густам у строях і ў стравах, яна зьмешвала яму ягоныя любімыя напоі і сьпявала яму ягоныя ўлюбёныя песьні. Зь ейнага голасу ён расьцякаўся па зэдліку і падоўгу ляжаў, песьцячыся ў хвалях шчасьця. Зрэдку яна рабілася сумная, але спосаб вярнуць ёй радасьць быў просты і надзіва прыемны. Яны жылі разам шмат, шмат гадоў, душа ў душу. Паціху дзяўчына пастарэла і страціла прыгажосьць, але юнак працягваў кахаць яе ў тую ж сілу. Ён нават дзівіўся на сабе – як мала, аказваецца, азначала для яго прыгажосьць. Гады беглі далей, і паціху хваробы перамаглі ейны вясёлы нораў, а алькаголь і старасьць зьвялі на нішто розум і адукаванасьць. Але юнак кахаў яе ані ня менш. Калі яна сьпявала, ён усьміхаўся, прыжмурваў вочы і ўяўляў ейны малады твар. Ён ахвотна даглядаў яе – бо яна па-ранейшаму была ягонай каханай. Паціху страціўся і голас... а неўзабаве яна памерла. Юнак пахаваў яе, але і праз гэта каханьне ня скончылася. Ён стаяў ля расчыненага ў ноч акна, глядзеў на зоркі і думаў пра тое, што каханьне – бясконцае. І раптам у чорным небе зьявілася камэта, буйная і яркая. Калі бачыш камэту – трэба загадваць жаданьне! Камэта таксама заўважыла юнака, памахала рукой і гукнула: «Гэй! Загадвай, не марудзь! Любое жадааньне!» – тут Колік перапыніўся, каб прамачыць горла.

– І? – нецярпліва спытаў Хуліё, – і што ж загадаў юнак?

– Ён папрасіў у камэты астранамічны атляс і тэлескоп, – пакепліва сказаў Колік, хрумстаючы агурком. – Яму вельмі падабаліся зоркі і камэты – і захацелася вывучыць пра іх лепей.

– А як жа ягонае каханьне? Чаму ён не папрасіў вярнуць сваю дзяўчыну?

– А навошта? Пражыць разам яшчэ пяцьдзесят гадоў? Які ў гэтым сэнс? Бо ён і так кахаў сваю дзяўчыну вечным каханьнем.