Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 03F

Яшчэ пра камэту

Выслухаўшы Коліка, Хуліё некалькі хвілін маўчаў, каб пераканацца, што працягу ня будзе. Ён нетаропка аб’еў вінаградную гронку, выплюнуў костачкі на сподак і страсянуў чубком:

– Вы ня супраць, калі я працягну гэтую казку?

Мы былі ня супраць. Я засяроджана кіпяціў ваду ў рондалі, а Колік габляваў ножыкам рагульку.

– Ну дык вось. Атрымаўшы атляс і тэлескоп, юнак бавіўся астраноміяй некалькі гадоў, пакуль не надакучыла. Потым яму захацелася актыўнасьці, ён набыў скейт і ўзяўся за катаньне і трукі: высокія скокі, перавароты, бардзюры, крайкі, лаўкі, клюмбы, трамвайныя рэйкі, пажарныя дэпо. Потым пастанавіў спасьцігнуць мастацтва самэлье: бяз стомы параўноўваў густы маладых і старых вінаў, нюхаў, глядзеў на прасьвет і пускаў бурбалкі. Прызвычаіўся адкаркоўваць бутэлькі чайнай лыжачкай ці нават грабянцом. Потым яму заманулася самому вырабляць віно – ён завёў вінаграднік у Гішпаніі і дамогся посьпехаў, ягоны херас высока ацанілі нават старэйшыя вінаградары. Потым высек вінаграднік і пасадзіў ядловец, каб ігнаць джын. Потым кінуў джын і дваццаць гадоў вывучаў філязофію ў Марбурскім унівэрсытэце. Выступіў з рэзкай крытыкай фэнамэналёгіі Гусэрля, быў спрыяльна прыняты ў акадэмічных сфэрах. Выкладаў. Кінуў філязофію і паплыў вакол сьвету юнгай. Зататуіраваўся з галавы да ног. Потым паплыў яшчэ раз – ужо сам-адзін, на ўласнай яхце. Кінуў якар у Японіі, каб дасягнуць дасканаласьці ў валоданьні мячом. Нарэшце яму надакучыла ўсё аканчальна. Юнак адшукаў свой стары астранамічны атляс, зрабіў складаныя вылічэньні і вызначыў, што тая камэта прылятае толькі раз на тысячу год! А прайшло ўсяго толькі дзьвесьце. Што было рабіць? Прыйшлося чакаць. Каб заняць час, ён іграў на мандаліне, займаўся альпінізмам, гадаваў рэдкіх акварыюмных рыбак, курыў опіюм, плаваў з аквалянгам, складаў сымфоніі, гуляў у зборнай па хакеі, праходзіў курсы псыхааналізу, жангляваў факеламі, будаваў замак з запалак і фаньцікаў, здабываў нафту, скакаў з парашутам, разганяў працэсары, шукаў скарбы на атлянтычных выспах, развучваў Махабхарату, зьбіраў манэты і маркі, прымаў роды ў вадзе, паляваў на зомбі, пісаў п'есы і да поўнага атлуменьня валяўся на пляжы. Апошнія сто гадоў ён проста габляваў ножыкам рагулькі. За месяц да прылёту камэты юнак стаў ля вакна і не адыходзіў ані на хвілю, баяўся перапусьціць. І вось – яна! Убачыла яго, засьмяялася. «Хачу вярнуць сваю дзяўчыыну!» – гукнуў ён камэце. «Табе ў маладым выглядзе або ў старыым?» – гукнула камэта. «У маладым, калі моожна!» – крыкнуў ён. «Дообра! Заплюшчы воочы і ўяві яе, як мае быыць!» – пракрычала камета, адлятаючы. Ён зажмурыўся, уявіў сваю дзяўчыну і, заміраючы, расплюшчыў вочы. Які жах! Дзяўчына зьявілася, але гэта была зусім не ягоная каханая! Таксама нядрэнная, так-так, нядрэнная... мм, нядрэнная. Але ня тое, ня тое! За тысячу год ён няблага прызабыў сваю каханую і зараз ня здолеў як сьлед яе ўявіць. З прыкрасьці юнак ляпнуў сябе па каленках і ледзь не заплакаў, – і тут Хуліё перапыніўся, каб глытнуць хераса і зьесьці фінік.

– І? – нецярпліва спытаў я, – і чым усё скончылася?

– Ну а чым, па-твойму, усё магло скончыцца, Ролю? Зараз той юнак сядзіць і чакае другую тысячу гадоў, каб паспрабаваць яшчэ раз.

Колік пакрывіўся і пстрыкнуў запальнічкай.