Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 03D

Пра Коліка

Мы з брацікамі ўсе ўрадзіліся ня цукровыя, ну а Колік – дык зусім без найменшае слодычы, нават з добрай гарчынкай. З раньняга дзяцінства ягоныя свавольствы адзначаліся экспэрымэнтальнасьцю і падчыркнутай непрыстойнасьцю: не свавольствы, а сапраўдныя выбрыкі. Напрыклад, залазячы ўвечары ў ложак, можна было трапіць пад коўдрай у паўвадкі клубок вараных спагеці – халодных, сьлізкіх, брыдкіх – ці ліпкую купку гнілых яблыкаў. І гэта толькі самае бяскрыўднае! За кожную падобную гідасьць мы разам лупілі Коліка, а тата пэдагагічна заходзіў зь іншага боку і ўзьдзейнічаў дабром і ўгодай – і паціху нам удалося ўбіць яму ў галаву сямейныя каштоўнасьці.

Тады Колік перанёс сваю дэструктыўную актыўнасьць на школу: гнуў лінейкі, ламаў вугольнікі, драпаў на партах, плюхаў гуашшу па свежапабеленай столі, выкрадаў сочыва са сьціплых вахцёрскіх схованак. З настаўнікамі паводзіўся ваўкавата і дзёрзка. Вучыўся дрэнна, але рана выявіў нязвычнасьць думак. Аднаго разу на заўвагу дырэктара, што ён ня слухае ўрок, Колік заявіў: «Тут і слухаць няма чаго! Вы нас падманваеце, няма ніякай Аўстраліі і Акіяніі». «Ды як жа няма, Коленьку, міленькі?» «А вось так! Ці вы там былі? Мапа – гэта хлусьня! Падумаеш, мапа». Карацей кажучы, рана пачаў задумвацца пра сэнсы. Ну і як водзіцца пакацілася – спачатку тытунец, потым самагончык, потым крадзьба. Краў нейкія дробязі, з чыстае юнацкае адвагі: шклянку сьмятаны ў краме, пярэстыя прасьціны ў суседкі, напільнікі са школьнае майстэрні. Калі лавілі – біўся, ненавідзеў, кусаўся! Пачаліся прывады ў жандармэрыю, пэдсаветы, кардонныя тэчкі са штампамі «сацыяпат» і «мізантроп». Зьнікаў, не зьяўляўся дома тыднямі. Мама плакала, тата хадзіў са змрочным тварам. Вяртаўся худы, злы, бясшумны. Развагі, што трэба вучыцца і добра сябе паводзіць – каб выбіцца ў людзі – каб быць шчасьлівым – не пераконвалі яго. Ён глядзеў так, быццам зь ім гаварылі на іншай мове, і думаў сваё. А на пагрозы пакараньня і турмы адказваў, што мы самі ў турме, толькі гэтага ня бачым.

А ўвясну сапраўды трапіў у калёнію – рабунак нейкага недарэчнага абутковага склада, непавага да вартаўніка, аплявуха жандару. Вартаўнік, начальнік склада і жандар спрабавалі дараваць яму – патрабавалі толькі перапрасіць – але ён адкінуўся наадрэз.

Праз год выйшаў дарослым. Мама вохнула, калі ён зьняў швэдар – белакаменная царква ва ўсю сьпіну, з парталам, галубамі і бізантыйскім амбонам унутры. Працаваць адмовіўся з пагардай. Вёў дзіўнае жыцьцё: удзень спаў у садзе на гамаку або чытаў усё, што пад руку траплялася. Начамі зьнікаў. Падарыў таце таўшчэзны залаты ланцужок. Тата вылупіў вочы: «Адкуль? Навошта мне гэта?» «Сямейныя каштоўнасьці!» Коліка ў калёніі крыху прыгняло, але думаў ён па-ранейшаму нязвычна. Усе размовы зводзіў да пытаньняў адноснасьці арыентыраў і магчымасьці спасьціжэньня. Потым сеў ізноў, надоўга.

І вось аднойчы раніцай, калі ўсе яшчэ спалі – бразнула клямка, рыпнулі весьнічкі. Я выглянуў у вакно вэранды: вярнуўся! Пакуль ён мыўся, чысьціў зубы і перапранаўся ў хатняе, я накрыў на стол, сьпехам, што было: пачатая бутэлька, слоік з саленьнямі, чорны хлеб, бульбачка. «Ну, вітаю, Колю!» «Цудоўна, брат!» Паслабіўся патроху, залагоднеў. «Як ты лічыш, Ролю, ці ёсьць наша цывілізацыя каштоўнасьцю?» Я лічыў, што ёсьць. «А што больш каштоўнае, Ролю, цывілізацыя або прыемнасьць з чаркі гарэлкі? Глядзі, як цені бярозавага лісьця вагаюцца на шкле. Ці абумоўленае адно іншым, Ролю?»