Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 03C

У дзявоцкай хаце

Раніцай, сыходзячы на ​​працу, дзяўчына спрабавала мяне абудзіць і ціхенька казала «гээй», але я старанна хроп, прыцмокваючы для сапраўднасьці. Калі яна кранула мяне за плячо, я хрыпла мыкнуў, таргануўся, і яна адскочыла. Пастаяўшы паўхвіліны і павагаўшыся, яна хмыкнула і пайшла – вырашыла пакінуць мяне ў хаце. Я чуў, як яна лье ваду ў ваннай, чысьціць зубы, рыпае створкай шафы і выдае нейкія плястмасавыя гукі ля люстэрка ў пярэднім пакоі. Нарэшце грукнулі дзьверы, павярнуўся ключ. Цікава, ці змагу я выйсьці?

Я сеў. Дыван на падлозе быў бэжавы, пухнаты, прыемны нагам, у куце стаяў стол з ноўтбукам, на сьценах віселі батыкі з хрызантэмамі. У лядоўні знайшоўся слоічак абястлушчанага ёгурта, зусім самотны сярод наледзі. Расьцягваючы ёгурт, я разглядаў палічку з дыскамі і кнігамі: было шмат Бэтховэна і Булгакава. Якая слаўная дзяўчына! Я раскрыў шафу. Яна перапрала летнюю вопратку і расклала яе акуратнымі стосікамі, перамяжоўваючы галінкамі ляванды і размарына. Ёй падабаўся салатавы, далікатна-ліловы і хлапчуковыя кашулі ў клетачку. Бялізну яна любіла белую, у мяккія рубчыкі і са складачкамі. Я ўставіў Бэтховэна у прайгравальнік і лёг у ейны ложак, папесьціцца. На начной тумбачцы яна разаслала карункавую сурвэтку і пасадзіла зайчыка. У ніжняй шуфлядзе захоўваліся каляровыя стужачкі, скуматкі і гузікі. У сярэдняй ляжалі нэсэсэр, лакі-шэлакі і пілачкі. У верхняй, зачыненай на ключык – а ключык хаваўся пад сурвэткай – таемны дзявочы дзёньнік. Я разгарнуў наўздагад: «Кахаць... кахаць... кахаць без аглядкі... ведала б Воленька... ведаў бы ён, як кахаць без звароту! Не, не... маё прызначэньне – кахаць».

Папесьціўшыся пад гукі струнных, я пайшоў на кухню, глядзець у вакно. Па дарозе кацілі машыны, па сырых газонах ішлі галкі, два студэнта ў палітонах курылі і сьмяяліся. І тут я ўбачыў яго! Ён, не сьпяшаючыся, шпацыраваў па тым баку, і, здаецца, быў тут ужо доўга. Белы Паляўнік! У белым гарнітуры, такім недарэчным у вецер і дождж! Ён рабіў выгляд, быццам чакае трамвая, і разглядаў газэты ў шапіку. У любую сэкунду ён мог павярнуць галаву, падняць вочы і заўважыць у вакне мяне, але я нібы здранцьвеў. «Хавайся, хавайся, уцякай!» – шаптаў я сабе, але быў няздольны нават зварухнуцца. Прыйшоў трамвай, але Паляўнік, вядома, ня сеў у яго. Як ён высачыў мяне? А я яшчэ ня верыў! Хто ж выдаў? Той зялёны дантыст? Трамвай рушыў, і Паляўнік пачаў павольна-павольна паварочваць галаву, падымаць вочы. І я застагнаў, захрыпеў, кінуўся – і зваліўся ў вузкі прамежак паміж плітой і мыйкай. Сьцяўся і замер, дрыжучы. Пасьпеў? Ці ён заўважыў?