Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 03B

Пра далёкія краі

Калі мы з брацікамі былі маленькія, мы часта марылі пра далёкія краі. Ні тата, ні мама ніколі нікуды ня езьдзілі і не маглі нам анічога расказаць, а гугл-мапс яшчэ не вынайдавалі – і мы марылі паводле раманаў Дзюма, Дыкенса і Дастаеўскага. Мы хадзілі на вакзал і глядзелі на цягнікі. Стаялі на мастку над рэйкамі і спрачаліся: ці зьмяняюць чалавека далёкія краі? Колік казаў, што падарожжы ня болей за пярэстыя малюнкі перад вачыма, а малюнкі ня здольныя значна ўплываць на сталую асобу. Валік пярэчыў, што справа ня толькі ў малюнках, але ў інакавай атмасфэры, якая пранізвае і насычае душу.

А аднойчы зь цягніка сышоў чалавек зь вялікай валізай на колцах. Мы пабеглі ўтропы. Колцы стукалі па каменьчыках, валіза гойдалася, падскоквала, але мы разглядзелі налепкі: Парыж, Пецярбург, Портсмут. Сапраўдны падарожнік! А ў астатнім чалавек быў звычайны – шэрая куртка, сінія джынсы, чаравікі як у таты. Ён паглядзеў на гадзіньнік, высмаркаўся ў хустку, дачакаўся трамвая-тройкі і зьехаў. Апошняе, што мы бачылі – як ён купляў квіток у кандуктара. Усё гэта нічога не даказвала і не абвяргала.

Мы пайшлі ўздоўж трэцяе лініі, а калі трамвай ехаў назад, нясьмела зьвярнуліся да кандуктара: ці не казаў чаго цікавага той падарожнік? «Атож, – адказаў кандуктар, – ён бурчаў і скардзіўся, і адкрыў сакрэт, што падарожжы даспадобы толькі абмежаваным і прыземленым людзям, для якіх штодзённасьць пераважае мару. Уяўная Флярэнцыя значна пераўзыходзіць рэальную, так ён і заявіў». І кандуктар урачыста бомкнуў у званочак.

З тае пары мы кінулі хадзіць на вакзал і так анідзе і не пабывалі, акрамя Толіка, дый і ён па службе.