Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 03A

Пра аднаго дыспэчара

Увесну, калі цямнела ўжо позна і класьціся ў ложак трэба было завідна, страшныя казкі перад існом гублялі прывабнасьць, і мы з брацікамі ўсё часьцей аддавалі перавагу павучальнасьцям. Мы ўжо не патрабавалі, каб казкі распавядаў менавіта тата, і болей ахвотна слухалі маму.

– Жыў-быў на сьвеце адзін чалавек, – нарасьпеў пачынала мама, і на імгненьне запавольвалася, быццам раздумваючы, пра якога дзівака расказаць гэтым разам. – Адзін, значыцца, найдабрэйшы чалавек, па прафэсіі дыспэчар. Усё жыцьцё ён жыў сумленна і правільна, і шмат дабра рабіў людзям. Аднаму зь пераездам дапаможа, за другога ў банку заручыцца, трэцяга з патрэбным знаёмым зьвядзе. Адказвалі яму людзі пашанай і павагай, і падабалася гэта дыспэчару. І чым старэйшы ён станавіўся, тым больш падабалася. І ўрэшце да таго ён асмакаваўся, што ўжо і думаць ані пра што іншае ня мог – толькі як бы зрабіць дабро ўсім і кожнаму бяз выключэньня, каб кожны да яго падзяку адчуваў. Але пазнаёміцца ​​з усімі людзьмі ў горадзе, даведацца пра іхныя патрэбы і прыняць удзел было б занадта доўга, жыцьця б не хапіла, і таму пачаў дыспэчар прыдумляць розныя хітрыкі. Напрыклад, кідаў на тратуар дзясятку, або вешаў на лавачку торбу зь яблыкамі, або пакідаў на парапеце букецік сьвежых ландышаў – і глядзеў, хто падбярэ, і запамінаў твар. І прыемна было дыспэчару, што потым аднойчы можа ён падысьці да таго чалавека і сказаць: а памятаеш, ты дзесяць даляраў знайшоў? Дык ведай, гэта я паклаў, адмыслова для цябе. І чалавек да яго адразу ж падзяку адчуе. Вельмі, вельмі многіх адабрадзеіў дыспэчар, але потым і гэтага яму мала здалося. Пачаў ён дабрыню сваю распаўсюджваць на людзей значных, кшталту эстрадных сьпевакоў, кінаактораў або палітыкаў: то выхваліць сябрам новы дыск, то ўгаворыць ўсіх пайсьці новае кіно глядзець, то заагітуе прагаласаваць. Знакамітасьцям – паслуга, а дыспэчару – радасьць і задавальненьне. Так і жыў той дыспэчар: ані дня не праходзіла бяз добрае справы, як для простых людзей, так і для вялікіх. А аднойчы ў славалюбным імпэце наважыўся ён самому Госпаду Богу паслугу зрабіць: абраў зь ліку знаёмых сама закасьнелых атэістаў і цэлы месяц прапаведваў ім Эвангельле, ды з такім запалам, што ўсе яны запар паверылі і на Вялікдзень пахрысціліся. Але гэтым разам нядоўга радавацца наканавана было дыспэчару: у той жа вечар лупанула ў яго маланка, праўцом на трамвайным прыпынку, і забіла ўсьмерць. А адзіная сьведка, бабулька, якой ён як раз у гэты момант ландышы падносіў, сьцьвярджала, што замест грому прагучаў зь неба голас: «Ты кім сябе ўявіў?»