Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 038

Пра Толіка

Толік вырас русявым, прысадзістым мужчынам: жонка, дзьве дачкі, тры пакоі, сытраен, сэнбэрнар, інжынэр, шчасны жывоцік. Здаецца, усё годна, але ён унутры сумаваў. Ледзь вып’е – пачынае невыразна скардзіцца. Што табе ня так, Толю? – спытаеш. Ды мне б, кажа, у неба! І блішчыць п'янай сьлязой, круціць гузік камізэлькі. Ён любіў насіць ваўняныя камізэлькі і кашулі ў дробную клетачку. Марыў лётаць – кіраваць велізарным срэбным лайнэрам. Уяўляў свае вялікія надзейныя рукі на штурвале. Пстрыкаць дагледжаным пазногцем па маномэтры. Другому пілоту – парады хаджалага. Не баіся, юнга, гэта проста віхуры паветра! Я яму кажу: кінь, Толю, навошта табе гэта трэба? Пілоты дрэнна канчаюць, Толю. А ён не сьцішаецца: востра адточаны аловак, мапа, лінія курса! Крэпкая кава, баромэтар з чырвонага дрэва! Нядбайны погляд на храномэтар. Рубка. Нязмушана зьбягаць па вінтавой лесьвіцы. Выходзіць на палубу ў беласьнежнай фуражцы. Туууууу! Пар з трубаў... Толік, Толік, гэта ўжо не самалёт, а параход! Эх, Ролю, да чаго ж ты прыземлены чалавек... Прыходзіла жонка, дзьве дачкі і сэнбэрнар, усаджвалі Толіка ў сытраен, везьлі дадому. А ён, разваліўшыся на заднім сядзеньні, марыў плаваць.