Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 037

Пра бескамплексовае жыцьцё

Сярод нашых суседзяў, акрамя асобаў дзіўных, падазроных і адкрыта небясьпечных, часам трапляліся і ўзоры станоўчасьці. Такіх мы з брацікамі не любілі, бо лічылі іх затоенымі нягоднікамі, а чарговага суседа ў хаце з круглымі комінамі незалюбілі асабліва – за правы прабор, за сьветла-шэры гарнітур, за сына-студэнта з планшэцікам, за жонку ў камізэльцы, але больш за ўсё за тое, што ён бегаў па раніцах. Сусед завёў нязносны звычай аббягаць свой ​​сад чатыры разы, потым бегчы ў горад роўна на паўгадзіны, а потым ізноў аббягаць сад чатыры разы. Некалькі дзён мы трывалі, наліваючыся гневам, а ў панядзелак раніцай абстралялі яго з-за плота маркоўнымі агрызкамі.

Ён спыніўся і зьдзіўлена круціў галавой, а мы холадна разглядалі ягоныя пругкія красоўкі, мускулістыя галёнкі і шорты зь лямпасамі.

– Дзеткі, – сказаў ён, заўважыўшы нарэшце нас, – вы не падумайце!

Мы цяжка маўчалі, даючы яму зразумець, што ўжо падумалі.

– Ведаю, ведаю. Але на самой справе ў труне я бачыў гэта ўсё! Проста я маю ідэю.

Гэта нас зацікавіла, і мы дазволілі яму працягваць. Ідэя суседа грунтавалася на тым, што чалавек схільны да разьвіцьця нэгатыўных псыхічных комплексаў ня толькі ў дзяцінстве, але і ў дарослым жыцьці.

– Кажуць, што ў дзіцёнка – ранімая псыхіка, а ў дарослага – задубелая. Якая памылка! Вось паглядзіце, які я пяшчотны – крыкніце мне ў вуха штосьці.

Сусед нахіліўся і прыціснуў вуха да шчыліны паміж дошак плота. Мы кінуліся да вуха і наперабой зараўлі: «Кроў!! Кроў!!» Ён здрыгануўся, выпрастаўся і паказаў на сваё​вока, якое пачало нераўнамерна торгацца.

– Бачыце? Вось і комплексы таксама, іх атрымаць прасьцей простага! Зробісься вар'ятам ці маньякам якім-небудзь – і паспрабуй потым вылячыся. Я лічу, што да пяцідзесяці мінімум трэба берагчыся. А берагчыся – гэта значыць жыць без узрушэньняў, сярэднім жыцьцём, як прынята. Сям'я, праца і ўсё такое, разумееце мяне? А ўжо потым, апасьля, калі псыхіка выстаіцца... Ужо потым можна разгуляцца!

Ён памахаў нам і працягнуў забег, мільгаючы рыфлёнымі падэшвамі. Тлумачэньне гучала пераканаўча, і мы запаважалі суседа – ідэйныя нам падабаліся. А больш за ўсіх прасякнуўся Толік, менавіта тады ён і пачаў выношваць пляны свайго будучага бескамплексовага жыцьця. І нават калі сям'я суседзяў у адну з начэй загадкава зьехала, і папаўзьлі змрочныя чуткі, Толік не расчараваўся.