Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 036

Пра папераджальную археалёгію

Аднаго разу ў жніўні, гуляючы па завулках, мы ўбачылі чалавека, які корпаўся ў сінім сьмецьцевым баку. Ён перахіліўся цераз бераг бака і, стоячы на дыбачках, намацваў нешта ў глыбіні. Мы адразу сьцямілі, што гэта жабрак альбо валацуга – мы ведалі пра іх па кнігах і татавых казках. Мы сабралі па кішэнях, у каго што было – ледзяшы, арэшкі, жуйкі – наблізіліся да яго і працягнулі дары. Ён не заўважаў нас, і Колік тузануў яго за фалду. Чалавек з крактаньнем выпрастаўся і павярнуўся да нас – круглатвары, вастраносы, у маленькіх акулярыках.

– Вы што? – стрымана абурыўся ён, заўважыўшы міласьціну. – Я ня бомж! Я археоляг!

Аднак ледзяшы, арэшкі і жуйкі ўзяў і схаваў у торбу.

– Сапраўдныя археолягі ня корпаюцца ў баках! – сказалі мы.

– Так, звычайна я хаджу на гарадзкі сьметнік. Зараз проста міма йшоў і зазірнуў.

– Сапраўдныя археолягі вядуць раскопкі ў пустэльні!

– Ха-ха, – засьмяяўся чалавек. – Вашыя сапраўдныя археолягі – дурні! Капаюць, разгадваюць герогліфы, ствараюць тэорыі, надзімаюцца – але ўсё проста! Ня трэба ні гойсаць па пустынях, ні капаць – усе адказы ў нас перад носам. Глядзіце, вось начны гаршчок, вось зношаныя кеды, вось банка з-пад кількі – яны цудоўна захаваліся і кажуць пра цывілізацыю нашмат больш, чым нейкія там тысячагадовыя чарапкі! Я разглядаю, фатаграфую, інтэрпрэтую і ўпісваю ўсе знаходкі ў каталёг. Паверце, мой каталёг непараўнальна багацейшы і шырэйшы за любыя музэі! Я – папераджальны археоляг. Мая праца, хай і простая, несувымерна больш значная за патугі гэных «сапраўдных археолягаў». Уявіце: праз тысячу гадоў, калі гаршчкі, кеды і банкі струхлеюць, мае працы будуць мець найвялікшае значэньне для навукі!

Мы з брацікамі да таго пранікліся ідэяй папераджальнай археалёгіі, што запрасілі вучонага да нас і праводзілі яго ў дрывотню, дзе захоўваўся сямейны хлам. Пад ягоныя няўціхныя захапленьні мы напаўнялі вялізны стары чамадан паламатымі гадзіньнікамі, дзіравымі тапкамі, імбрыкамі бяз рыльцаў, прабітымі роварнымі камэрамі, згарэлымі прасамі, падрапанымі дыскамі і парэпанымі кружэлкамі. Сыходзячы, расчулены археоляг паабяцаў згадаць нас у падзяках да сваёй будучай манаграфіі – за неацэнны ўнёсак у навуку.