Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 035

Пра неацэнны дар

Калі мы з брацікамі перайшлі ў чарговую клясу, ужо ня памятаю ў якую, можа ў пятую, у нас зьявіліся два новых прадмета – геалёгія і біяграфія. Настаўніка нам далі надзвычай рахманага і лісьлівага, былога абата, народжанага пуэртарыканца, уладальніка дзіўна сініх вачэй, якія адразу выклікалі падабаньне. Ён апранаўся сьціпла і строга, у чорны часучовы гарнітур, і толькі па пятніцах дазваляў сабе ўпрыгожыць яго дзікім гвазьдзікам у пятліцы. Лагодны, але запальчывы! І мы любілі яго дражніць у кожным зручным выпадку.

– Дзеці! Дзеці мае! – напрыклад усклікаў ён, раптам са сьлязьмі захапленьня перарываючы чытаньне Іаана Златавуста. – Жыцьцё – гэта неацэнны дар! Ці разумееце вы?..

– Не! – адказвалі мы, адразу ж напускаючы на сябе змрочны выгляд. – Жыцьцё – дрэнь. Бо яно рана ці позна канчаецца.

– Ну дык што, што канчаецца? – адказваў ён цярпліва. – Уявіце, што нехта даў вам пакатацца на неверагодна спартовым ровары? Хіба вы не пракаціліся б з удзячнасьцю?

– Не! – адказвалі мы ўпарта. – Калі ня можаш падарыць назусім, дык ня трэба й даваць!

– Але навошта вам ровар назусім? – адказваў ён нецярпліва. – Бо вам рана ці позна надакучыць на ім катацца!

– Усё роўна! – адказвалі мы з выклікам. – Калі мы будзем ведаць, што ровар рана ці позна адбяруць, гэта атруціць нам усё задавальненьне!

І тады ён успыхваў, абураўся, пляскаў кніжкай аб стол і зь лютым рыкам імчаўся да нас, з намерам цягаць за віхры і абрываць вушы. А мы з віскатам і рогатам, перакульваючы парты, уварочваліся ад яго, выбягалі з клясы й хаваліся ў жаночай прыбіральні, туды ён увайсьці не адважваўся.