Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 034

Пра самага дурнога чалавека

Аднаго разу на пачатку ліпеня да нас у горад прыехаў атракцыён «Упершыню: Самы Дурны Чалавек На Сьвеце». Прапусьціўшы некалькі дзён, каб было менш народу, мы з брацікамі выправіліся глядзець. Невысокі зялёны шацёр, немаладая білетэрка ў джынсах, з маленькім касавым апаратам на шыі. Яна прыўзьняла полаг, і мы, схіліўшыся, увайшлі. Зьверху зьзяла кволая лямпачка, стаяў стол, стаяла крэсла. Ён ляжаў на ложку, увесь у пухоўках, русявы, з бародкай, з сумнымі вачыма. А пагутарыць зь ім можна? Можна, толькі ня доўга.

– Прывітаньне! – сказалі мы.

– Прывітаньне, – сказаў ён проста.

– Як цябе завуць?

– Саша.

– Колькі табе гадоў?

– Дваццаць восем.

– Ты ведаеш, колькі будзе два плюс два?

Ён зірнуў на нас з дакорам, коратка ўздыхнуў і адвярнуўся. Хопіць, шапнула білетэрка, ён стаміўся. Мы ціхутка выйшлі. А што ён любіць? Можна яму штосьці смачненькае купіць? Білетэрка адказвала, што можна прынесьці мармэляду. Мы зьлёталі ў краму, і, прытуліўшыся вушамі да брызэнтавых сьценак, слухалі, як яна дрынкае міскамі, невыразна ўгаворвае яго і суцяшае. Потым зьявіліся яшчэ гледачы, і мы, разьвітаўшыся зь білетэркай, пасунуліся дадому. Нам было сумна, няёмка і сорамна, быццам мы былі ў чымсьці вінаватыя.