Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 033

Пра падзеньні і ўзьлёты

Яшчэ адзін наш сусед, паўднёва-заходні, быў выключна прыемны й ветлівы чалавек. Ён заўсёды першы вітаўся з-за плоту, нязьменна ласкава пасьміхаўся і любіў напяваць штосьці італьянскае. Часьцютка ён завітваў да нас пагутарыць, прыносіў хатняе віно для таты і півоні для мамы, а нас частаваў шакаляднымі цукеркамі. Вытанчаны і ўражлівы, ён ахвотней за ўсё казаў пра паэзію альбо пра музыку, што кранула яго. А аднойчы завёў такую размову: – Ці не заўважалі вы, сябры, што стан нашае душы бесьперапынна вагаецца, але пры гэтым статыстычна раўнаважны? Калі сёньня мы маем прыўзьняты настрой, дык назаўтра трэба зь вялікай верагоднасьцю рыхтавацца да хандры? І наадварот, калі ўвечары мы сумуем, дык ураніцу напэўна будзем вясёлыя? І што чым вышэйшы ўзьлёт, тым ніжэйшае будучае падзеньне? Тата з мамай пацьвердзілі, што сапраўды, і яны такое калі-нікалі заўважаюць. Потым загаварылі пра нешта іншае. Хто б мог падумаць, як усё павернецца? Празь некалькі дзён, калі сусед ізноў завітаў да нас, ён выглядаў узбаламучаным, ўзьнятым, быццам яго зьлёгку ліхаманіла. Мама наліла яму баршчу, і мы пачулі, як лыжка ў ягонай руцэ калацілася і дзынкала аб талерку. Ён нагадаў тату з мамай пра мінулую гутарку і сказаў, што разьвіў са сваіх назіраньняў цэлую тэорыю: – Мне прыйшла ў галаву думка, што настроі можна ўзяць пад кантроль і з посьпехам кіраваць імі. Дакладней, сьвядома апускацца ў смутак з мэтай наступнага небывалага ўзьлёту. Уявіце батут: чым з большаю сілай скокнеш уніз, тым больш моцна цябе падкіне. Так ці не? А ў паветры ты падгінаеш ногі, і зноў падаеш на пругкую тканіну, яшчэ глыбей, і зноў узьнімаесься, яшчэ вышэй, з усяе спружыннае сілы... І вось што я падумаў, сябры: калі злавіць рытм і не пабаяцца з кожным скокам усё ніжэй апускацца ў бездань тугі і роспачы, дык амплітуда тваіх ваганьняў хутка вырасьце настолькі, што ты адарвесься і накіруесься ўверх, як ракета! Як ракета, што дасягнула касьмічнае хуткасьці і пераадолела зямное прыцягненьне! Увысь, угору, да блісканьня зораў! Ён натхнёна махнуў рукой, зачапіў талерку, і гарачы густы боршч выліўся на ягоную белую кашулю. Тата войкнуў, Хуліё падавіўся цукеркай, а мама рынулася па ручнік. Сусед жа, бліснуўшы вачыма, ускочыў і з розмаху пляснуў кулаком па малочніку са сьмятанай. Пырснулі парцалянавыя аскепкі, сьмятана на абрусе зьмяшалася з крывёю. А ён, бледны і імклівы, выбег прэч, ня слухаючы нашых трывожных гуканьняў і ўгавораў. Больш ён не зьяўляўся. Дзьверы не адчыняў, на званкі не адказваў. Зь ягонага дому час ад часу чуліся то няўцешныя екатаньні і дэманічны рык, то стогны асалоды і анёльскія сьпевы. Тата з мамай хваляваліся і нават месца сабе не знаходзілі: а раптам сусед адарвецца у ніжнім пункце амплітуды – і паляціць ня ўверх, а ўніз?.. Але ў адну з наступных начэй мы прачнуліся з трэску і яркага сьвятла, якое азарыла пакой. Мы стоўпіліся ля вакна і з хвіліну назіралі сонечнае сілы зьзяньне, якое ішло з суседняга двара; а потым раптам узьнікнуў мэлядычны зык, быццам ад велізарнае струны, і ўспыхнула – асьляпляльна блакітна.