Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 032

У цяпле

Увечары, выбраўшыся са стылае шчыліны, я прываліўся сьпіной да сьмецьцевага баку, задраў галаву і глядзеў на зоркі. Пад зоркамі ляцелі доўгія бялявыя космы – ці то нізкія аблокі, ці то дым. Прыгожа. І абрамленьне вакол – цагляныя сьцены, цёмныя галіны, ліхтары. І тая прыгожая дзяўчына якраз вярталася дадому. Хоць можа гэта была й не яна, бо замест абцасаў – кеды. Яна ці не яна ўсьміхнулася мне, вусны бліснулі ў сьвятле ліхтара. Мне пашанцавала, што яна была нападпітку: я падаўся ёй рамантычным, францускім, кшталту Арцюра Рэмбо, і яна павяла мяне да сябе. Яна назвала імя, але я адразу забыў. На ёй былі талстоўка, шалік, шапка, матлятыя шаравары. Мы тупалі па лесьвіцы, я разглядаў шаравары, а сусед курыў і рабіў абыякавы выгляд. Дома яна дала мне адкаркаваць шампанскае і пачала расказваць, як пасварылася з бойфрэндам: ён такі мярзотнік! Ежы ў яе амаль не было, і я намазваў на хлеб кетчуп і еў. Хлеб і кетчуп пахлі аднолькава – халадзільнікам. «Мне падабаецца, што ты такі олдскульны». «Што значыць олдскульны?» «Ну... старамодны. Гэты твой сіні пінжак. Ты слухаеш мэтал-рок?» «Так, я слухаю мэтал-рок кожны дзень памногу, але як ты даведалася?» Задаволеная, яна накіравалася ў ванную, яе хістала. Я азіраўся: пыльна, усе кубкі або сколатыя, або трэснутыя, чорны чайнік. Хутка яна выйшла. «Ты сьпі на канапе, а я лягу на ложак». Пакуль яна не раздумалася, я прыцiснуўся да канапы, хутчэй зажмурыўся і накрыўся чымсьці навобмацак. Яна сноўдала, шархацела пакетамі, потым нарэшце вымкнула сьвятло і рыпнула. «Ох, як мне холадна». Я старанна задыхаў, прытворна роўна. Было трохі страшна, але яна заснула імгненна. Хутаючыся ў плед – гэта быў сапраўдны клятчасты плед – я пракраўся на кухню і сеў на кукішкі, упёршы калені й далоні ў гарачую батарэю, а галаву паклаў на падаконьнік. Пахла цёплым пылам. Усё тыя ж зоркі, космы, галіны, але зараз у двайной аконнай раме, у цяпле.