Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 031

Пра другога манаха

Калі мы былі маленькія, мы мелі непрыстойную звычку – калупацца ў носе. Перад існом, у таямнічай цемры, поўнай шоргатаў і павеваў, па абуджэньні, у соннай асалодзе, пад цяжкай цёплай коўдрай – мы ляжалі ў калысках і аддаваліся пяшчотнай загане. Але, як кажуць, грэх не схаваеш у мех! Аднойчы ўнядзелю ранкам да нас увайшоў тата, наўпрост з марозу, з румянай усьмешкай, з кучаравай бародкай. Ён напэўна прынёс нам лядзяшы ці пернікі, ці мо хацеў заклікаць усіх на каток – але брыдкае відовішча жахнула й разьюшыла яго. З грукатам ботаў, зьбіваючы букеты і бязладна лямантуючы, ён выскачыў са сьвятліцы. Гора мне! Авохці мне! Дзеці мае! Сыны мае! Вырады! Чуваць было, як ён рыдаў і нішчыўся з нашае нізасьці, а мама суцяшала яго. А потым мама ўвайшла да нас, села на канапу і распавяла казку пра манахаў.

– Калісьці падаўней ратаваўся ў адным манастыры манах. Быў да таго слабкі духам, што хутка зразумеў – не пазьбегнуць мне падседаў д'яблы, усё роўна спакусіць, як ні пніся. Таму, калі ўжо трэба грашыць, дык лепей дробненька, чым буйна! Усё ж да Бога бліжэй. І каб ад сьмяротных грахоў засьцерагчыся, прыдумаў ён цалюткі дзень у носе калупацца. Сказана – зроблена. Цяпер толькі служба з працай канчаліся, ішоў манах у сваю кельлю, клаўся на салому і палец у нос паглыбей запіхваў. Завітае калі-нікалі да яго д'ябла, і сьмяецца задаволены: у няспынным граху манах. Наш чалавек. І далей сьпяшаецца, з цнотаю змагацца. Так год праляцеў, дзесяць, трыццаць, і надышоў час манаху паміраць. І, выпускаючы дух, памаліўся ён: даруй мне Божа! І памёр. Паглядзеў-паглядзеў на ягоную душу Бог – і дараваў. А хто б не дараваў? Ну калупаўся ў носе, так. Затое зла нікому не нарабіў ані найменшага. І забраў таго манаха на неба. Як даведаўся пра гэта д'ябал – узбурыўся не на жарт! Затупаў капытамі, замахаў крыламі – і ажно хвалі полымя па пеклу пайшлі, закурчыліся грэшнікі. Ашукаў мяне хітры чарнец! Затрос галавой, заскрыгаў зубамі – і такі агністы ўраган падняўся, што нават чарцям горача зрабілася. А манах сядзіць на воблачку і рагоча. Ужо не дастанеш яго! І з тае пары д'ябла разумнейшы зрабіўся: як убачыць, што нехта ў носе калупаецца, адразу ўсіх чарцей кліча, каб ушчыльную хітруном заняліся. Ну? Хочаце, дзеткі, каб вамі чэрці ўшчыльную заняліся?

І з тога часу мы ніколі больш не калупаліся ў носе.