Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 02F

Другая пажарная казка

Пасьля першага пажарніка ўзяў рэй другі, ён распавёў даволі змрочную казку. Быццам бы служыў у суседнім палку адзін лейтэнанцік, гадоў дваццаці пяці ці трыццаці, з блакітнымі вачыма і пшанічнымі вусамі, сапраўдны анёл. І быццам бы быў той лейтэнант цалкам шчасьлівы ў жыцьці, і цалкам усім задаволены. І быццам бы зьвярнуўся ён аднойчы ў думках да Галоўнага Пажарніка: гэх, бацьку! Які шчасьлівы я! Усё ў мяне ёсьць, што пажаданае мне – і розум, і хараство, і сіла ў руцах, і жонка, і дзеткі, і добрыя сябры, і ўлюбёная праца, і белая яхта. Такі шчасьлівы я, што зараз і памерці не шкада! Але Галоўны Пажарнік нічога яму не адказаў, толькі паварушыў вусамі – сам, дзей, разумей, паміраць табе ці не. Лейтэнант вядома не памёр, і нават некаторы час яшчэ больш шчасьлівеў: атрымліваў мэдалі, пісаў вершы і нараджаў дзетак. Але потым паціху, паволі, усё пайшло наспад – розум пачаў дубянець, хараство завядаць, вершы не пісаліся, рукі слаблі й не маглі ўтрымаць брандспойт. Далей – болей: сябры занялі грошай і зьніклі, жонка сышла ў сэкту, дзеці зрабіліся алькаголікамі і прапілі спачатку яхту, а потым і хату. А сам ён захварэў на розныя невылечныя хваробы, і пэнсіі не хапала нават на пігулкі. Зьбіраў бляшанкі й бітае шкло, сварыўся з бамжамі, начаваў у скрыні з-пад тэлевізара, а што зробіш? І быццам бы зьвярнуўся ён аднойчы ў думках да Галоўнага Пажарніка: ты гэта што, наўмысна, га? Але Галоўны Пажарнік ізноў яму не адказаў, толькі паварушыў вусамі – сам, дзей, разумей, я табе нічога не абяцаў. І яшчэ некалькі год мучыўся гэны лейтэнанцік, а потым нарэшце памёр, але памёр зусім нядобра: забілі яго падлеткі арматурай да паўсьмерці, і ляжаў ён на сьнезе ля сьмецьцевых бакаў, пакуль не замёрз зусім.

Ну і казка, падумалі мы, ня казка, а дрэнь. Усе асуджальна нахмурыліся і ўтаропіліся на пажарніка-апавядальніка. Той, зусім маладзенькі, барвяна пачырванеў, згорбіўся, напружыўся і нэрвова паскубваў вусы. Але наш тата выратаваў становішча – гучна варухнуўшы крэслам, ён устаў і прапанаваў усім яшчэ баршчу.