Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 02E

Першая пажарная казка

Выслухаўшы тату, пажарнікі ветліва ўхвалілі ягоную гісторыю і сказалі, што ім на службе таксама шмат чаго прывялося пабачыць. Вось прыкладам бачылі, як жыў сабе жыў адзін нудны чалавек. Ня толькі для іншых нудны, гэта само сабой зразумела, але й сам для сябе. Сярэдняга росту, прыстойна апрануты, выхаваны і сумленны. Усё ў яго было добра, камфортна і шчасна – аж да позехаў. Крэпка мучыла таго чалавека ўласная нудота. Здаралася, выйдзе на кухню ў шкарпэтках, ды й плюне з агіды – да тога ўсе шэрае і будзённае. Яму кажуць: завядзі сабе жонку зь дзецьмі ці хаця б сабаку, а ён мяркуе – ага, ажэнісься, а яна потым паўкватэры адсячэ і алімэнты, не-не; і сабака не пасуе – шпацыруй зь ім два разы на дзень у дубарыну, а потым яшчэ і памрэ, хавай яго. Яму кажуць: ну дык зьезьдзі ў які Нэапаль ці ў Барсэлёну, фоцікам папстрыкай, а ён мяркуе – а калі пакункі выкрадуць? Альбо зьясі якуюсь дрэнь, дрыстачка нападзе, дык і прасядзіш у прыбіральні ўсё падарожжа. І супраць кожнае забаўкі знаходзілася ў яго пярэчаньне, а то нават і два. Таму ён цэлымі днямі бавіўся дома, глядзеў ТБ або чытаў кніжкі.

І вось аднаго разу чытаў ён Талстога, пазяхаў, і прачытаў пра манаха, які сабе палец адсёк. Во якая добрая думка – сьцяміў ён адразу. Пайшоў ён у камору, узяў сякерку, ды й секануў. Кроў, боль, белая костка! Пабег ён тэлефанаваць у хуткую дапамогу, прыехалі, павезьлі зь мігцелкай у больніцу. Там мазалі мазямі, прыпякалі, зашывалі, а потым яшчэ два тыдні на перавязку хадзіў. А потым яшчэ два месяцы балела, і цэлы год можна было спамінаць. З тае пары чалавек гэты болей ня нудзіўся! Хадзіў вясёлы, радасны, для кожнага ў яго ласкавае слова знаходзілася – і людзі ад яго напітваліся дабром і шчасьцем. Штогод ён сабе па пальцу адсякаў, на нагах і на руках па чарзе, нялёгка, але неабходна. На дваццаць пяць гадоў хапіла, да самае пэнсіі, пакуль не згарэў. Цыгарэту не ўтрымаў, выпала, пакацілася і хату запаліла. Вось як, дзеткі, зразумелі сэнс? Галоўнае – знайсьці свой ​​шлях у жыцьці.

– Але як жа на дваццаць пяць год хапіла? – спытаў Колік. – Ён што, мутант быў?

– Не, ну які табе мутант, проста пяць пальцаў лекары назад прышыць здолелі. Ён іх потым па другому разу сёк.