Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 027

Пра закон захаваньня

Калі мы з брацікамі былі маленькія, мы мелі аднолькавы рост і аднолькавыя памеры, і маглі папросту мяняцца вопраткай і ботамі. Толькі Колік крыху адрозьніваўся – у яго была вялікая галава, на памер большая за нашыя. Колік з гонарам насіў татавы шапкі і капелюшы, а мы ціха зайздросьцілі і марылі пра вялікія галовы. Кеміў ён заўсёды марудна, бо біяхімічныя сыгналы мусілі бегчы павялічаны шлях, але затое часта выдаваў нечакана арыгінальныя думкі. Прыкладам, калі дырэктар на занятках па фізыцы тлумачыў нам закон захаваньня энэргіі, Колік доўга кумекаў, а потым запытаўся: ці нельга гэны закон пашырыць таксама і на мэтафізыку? У форме закона захаваньня дабра? Дырэктар, не раздумваючы, пагадзіўся, ухваліў Коліка і паставіў яму дзясятку – ён любіў актыўны ўдзел вучняў у занятках. Але Колік ужо тады быў чалавекам дзейным – думкі для яго былі толькі рыхтаваньнем да справы. Увечары, перад існом, ён папрасіў нашае ўвагі і сказаў кароткую прамову:

– Браты! Дабра ў нашым сьвеце – строга вызначаная і нязьменная колькасьць. Калі камусьці добра, дык камусьці дзесьці абавязкова дрэнна. І гэта не абстрактнае разважаньне, а прамая залежнасьць! Таму: абавязак кожнага сумленнага чалавека, які стаіць на пазыцыях гуманізму – абмежаваць сябе ў дабры і шчасьці, каб іншым людзям, хай невядомым і выпадковым, яго прыбыло. Вы згодныя?

Мы былі ўсхваляваныя і згодныя.

– Я ведаў, што вы пагадзіцеся! Прапаную зараз класьціся спаць, а раніцай абраць, ад якога задавальненьня мы адмовімся дзеля шчасьця іншых людзей.

З пачуцьцём вялікае адказнасьці мы пагасілі сьвятло і заснулі, а ўранку правялі дэбаты і галасаваньне. Дзеля ўсеагульнага дабра мы пастанавілі пайсьці на сур'ёзную ахвяру – назаўсёды адмовіцца ад нашага ўлюбёнага ранішняга гогалю-могалю. Надзеўшы парадныя гарнітуры, мы спусьціліся ўніз і ўрачыста аб'явілі сваю няпростую пастанову маме. Мама, пляснуўшы рукамі, адразу прасякнулася нашай альтруістычнай ідэяй і нават прасьлязілася з гонару за сыноў. Яна паклікала тату, радасна патлумачыла яму, і тата таксама прасякнуўся. Ён моцна пацалаваў усіх і, гукаючы з захапленьня, пабег у краму па шакалядны торт, каб падзякаваць нам ад імя чалавецтва.

З тае пары, верныя дзіцячаму абяцанку, мы больш аніколі ня елі гогалю-могалю.