Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 026

Пра двух мудрацоў

А часам, стомленыя адважнымі дасягненьнямі і зухвальскімі зьдзяйсьненьнямі, мы з брацікамі адчувалі прагу ціха і рупліва духоўна ўдасканальвацца. Тады мы ішлі да таты і прасілі яго расказаць павучальную казку.

– Татухна, а хто быў сама мудрэйшы чалавек на зямлі? – прыкладам, пыталіся мы.

– Сама мудрэйшых чалавекаў, дзеткі, было адразу двое, – адказваў тата, не задумваючыся. – І кожны зь іх, прабавіўшы па сорак год ў паскрамленьні і ўзьнёслых разважаньнях, стварыў уласнае вучэньне. Абодва вучэньня былі незвычайна глыбокія, дасягалі аж да самага дна быцьця, але адно да аднаго яны ані ня былі падобныя. Першы мудрэц вучыў, што быцьцё невымоўна складанае, і трэба маўчаць, бо нават малейшае маўленьне будзе непамерным упрошчаньнем. Другі ж мудрэц, наадварот, вучыў, што быцьцё невымоўна простае, і трэба маўчаць, бо нават малейшае маўленьне будзе непамерным ускладненьнем. Абодва мудраца хадзілі па горадзе – так-так, яны абодва жылі ў нашым горадзе – і несьлі людзям сьвятло Ісьціны. Так-так, ад іх зыходзіла чароўнае зьзяньне, і людзі, што набліжаліся да іх, пазбаўляліся хваробаў, і цялесных, і душэўных. І вось аднойчы перасекліся шляхі двух сьветлых мудрацоў, на пустэчы за запалкавай фабрыкай. Убачылі адзін аднаго мудрацы і спыніліся. Людзі ж, што цягнуліся за імі, сотня ці нават тысяча, таксама спыніліся ў паважным аддаленьні. Мудрацы моўчкі апусьціліся на траву і пазіралі адзін на аднаго з ухвалай, а сярод людзей праз такі канцэнтрат мудрасьці прайшла хваля радашчаў і замілаваньня. Доўга сядзелі мудрацы бяз руху, распаўсюджваючы вакол праўду і дабро. Нарэшце адзін зь іх падняў руку далоньню ўверх – і людзі, убачыўшы гэты знак, узрадаваліся, а некаторыя акрыялі ад праказы. Другі ж у адказ пасьміхнуўся – і людзі, убачыўшы гэтую ўсьмешку, заплакалі са шчасьця, а некаторыя ацаліліся ад халеры. Калі ж мудрацы падняліся з травы і зрабілі крок адзін да аднаго, усе людзі прасьвятліліся і хорам засьпявалі хвалу Творцу, а калі яны раскрылі раты, усе да аднаго ўзьнесьліся на неба. Так ніхто і не даведаўся, што сказалі адзін аднаму сама мудрэйшыя людзі на зямлі.

Тата замоўк, а мы з брацікамі, страціўшы ўсю руплівасьць, сталі навыперадкі пытацца, што здарылася далей з мудрацамі – яны проста павіталіся? ці пачалі спрачацца? ці ўсё ж прамаўчалі? ці ўзяліся за рукі, і адбылася анігіляцыя? ці злучыліся ў аднаго, удвая мудрага? – але тата сказаў, што гэта вялікая таямніца, якой ніхто ня ведае. Вось калі будзеце за запалкавай фабрыкай, дык пашукайце там. Можа, штосьці знойдзеце.