Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 023

Пра невядомага чалавека

– Татухна! – сказалі мы аднаго разу, калі ён еў булку, – Мы хочам вырасьці і зрабіцца славутымі! Усе будуць нас ведаць, а ты будзеш ганарыцца.

Мы думалі, тата ўзрадуецца і пачне нас цалаваць, але ён нават не ўсьміхнуўся.

– Нуда нейкая, – махнуў тата рукой. – Такое кожны байбус хоча. Вось вы б паспрабавалі пахацець наадварот – каб вас аніхто на сьвеце ня ведаў! Не спрабавалі? Ага. Але ж бывае. Вось паслухайце, – ён паклаў булку, атросься і пачаў распавядаць.

– Жыў калісьці падаўней адзін вясёлы хлопчык, добры, але троху дурнаваты. Хадзіў ён рупліва ў школу, марыў зрабіцца славутым артыстам, сябраваў з хлопчыкамі, сябраваў зь дзевачкамі, а ў адну дзевачку быў нават закаханы. І вось аднойчы на вялікім перапынку, папалуднаваўшы макаронамі, капустай і кефірам, размаўлялі яны ўсе разам, жартавалі, сьмяяліся – і хлопчык зьнянацку са сьмеху не стрымаўся й выдаў з дупкі гучны гук. Да таго выразны, што нават на другім канцы клясы павярнулі галовы. А дзевачка, у якую ён быў закаханы, стаяла бліжэй за ўсіх – дык ёй прыйшлося заціснуць нос і ўцячы, і не са злоснасьці, а з аб'ектыўных прычынаў. А з калідора ўвайшоў завуч і прычапіўся да хлопца з роспытамі, ці добра кормяць у сталоўцы. Тут на шчасьце празьвінеў званок, і хлопчыка нават падражніць не пасьпелі – але ўсе заняткі ён прасядзеў прыгнуўшыся, дрыжучы і паміраючы са зьнявагі. Пасьля заняткаў ён выскачыў за дзьверы, пабег дадому і паскардзіўся матулі на колікі. Яго паказалі лекару, далі пілюлі й пакінулі ў ложку да канца тыдню. За гэтыя дні хлопчык дужа зьмяніўся і пасталеў, стаў мала казаць і шмат думаць. Упрасіў ён маці, каб перавяла яго ў іншую школу, на другім раёне, далей ад сораму. Але і ў новай школе не супакоіўся: усё баяўся, што чуткі пра гучны гук сюды таксама дойдуць. Ні з кім не сябраваў, нікога не кахаў, усё маўчаў дый вочы хаваў. Сур'ёзным зрабіўся, удумлівым. Давучыўся сяк-так на няпоўнае і паехаў у суседняе месца, запісаўся на рабфак на токара. Там хлопца патроху адпушчаць стала... Але й месяца не прайшло, як убачыў ён на вучылішчах тую самую дзевачку, што нос заціскала і ўцякала – яна, бач, ткацкую справу тутака вывучала. І быццам бы яна яго таксама заўважыла, і быццам бы зморшчылася, але здалёку не разгледзець было. Не зьбіраючы рэчаў, хлапец клікнуў таксоўку да вакзалу і ўскочыў у таварны цягнік. Ён правёў ноч, дзень і яшчэ ноч на гурбе вугалю. І вырашыў цьвёрда: мяне ня будзе ведаць аніхто на сьвеце. Цягнік прывёз яго ў буйны партовы горад, дзе яго запраўды ніхто ня ведаў і ведаць не хацеў. Хлопец насунуў кепку, зьняў кут у камуналцы для сьляпых, і зажыў будзённай грузавой працаю, то на порце, то на рынку, то на вакзале. Пасьля працы ня піў; зачыняўся на ключ і марыў, як пройдуць гады, і ці рана ці позна нікога не застанецца, хто чуў і ведаў. Штомесяц заходзіў на фэйсбук і на аднаклясьнікі, правяраў, зьлічваў па блякноту. Доўга жылі, халеры, доўга. Але паціху ўсё ж пачалі выміраць – а куды дзенуцца. І сам хлопчык ужо старэнькі зрабіўся, ледзь ногі цягнуў, уладкаваўся апольнікам у грамадзкую лазьню. І вось аднойчы на Восьмае сакавіка зайшоў той хлапчук ў інтэрнэт і бачыць: усе перадохлі падлы нарэшце! Адзін я застаўся! Ніхто мяне ня ведае ў цэлым сьвеце! Вось толькі тая дзевачка жывучая... Апошняя, паскуда, і яшчэ вершыкі піша, у труну не сьпяшаецца:

Пахнула чарназёмам, торфам, рыбаю,

Пахнула перагноем, позьняй восеньню,

Мяне працяла шчасьцем запаведаным,

З тае часоў малю: прыйдзі, мой літасны!

Занепакоіўся хлапчук – ат як мяне перажыве? Зазьбіраўся. Узяў ён з сабою булку, узяў качаргу, дый паехаў на таварным цягніку... Дый даехаў... Мда... Вось як, дзеткі.