Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 024

Пра законы статыстыкі

– І што жа, і што жа, татухна?

– Што сталася зь імі потым?

– З хлопчыкам і дзевачкай?

– Яны памірыліся?

– Яны пажаніліся?

Тата не хацеў распавядаць далей, але мы прычапіліся да яго – скакалі вакол, церабілі за рукавы, зазіралі ў вочы і перашкаджалі есьці бацьвіньне. З уздыхам ён адклаў лыжку і раскрыў рот – і мы адразу зьбялелі, заціхлі і моцна-моцна ашчаперылі ягоныя ногі ў прадчуваньні жахаў.

– Ну добра. Даехаў значыцца хлопчык, і запытаўся людзей: дзе тутака жыве Тарэза Мікалаеўна Ласункевіч? Паказваюць яму людзі – ідзі туды. Пайшоў ён і бачыць – стаіць хата. Падняўся ён на ганак, пазваніў у званочак – а званочак працяжненькі, трывожненькі, а гузік з трэшчынкаю – і чакае. Зашорхала нешта ўсярэдзіне, страпянулася, скрыгатнула нібы здалёка, і голас знутры яму пакорліва гэтак кажа: заходзьце. Адчыніў ён дзьверы, а за імі яшчэ дзьверы, як у тамбуры, і голас знутры пакорліва просіць спачатку вонкавыя закрыць, каб проймаю старыя косткі не працягнула. Тут бы яму зразумець, што пастка гэта, але ён з хваляваньня не зразумеў – жывот уцягнуў і дзвярыма ляснуў. Пстрык! І зачыніўся замок. І цішыня. Ірвануўся хлопчык, ламануўся, націснуў плячом, нападдаў нагой, але дарэмна ўсё – крэпкія дзьверы дубовыя, моцныя завалы гартоўныя. Была ў яго качарга з сабой, але нават не падняць яе, бо занадта вузка. Захрыпеў ён тады, закірхаў: дапамажыце! дапамажыце! ратуйце, людцы добрыя! А сам чуе знутры нядобры сьмех. Адчыняецца ўва ўнутраных дзьверах акенца, і адтуль тая дзевачка, ужо старэча старажытная, рагоча і пальцам тыкае. «Ачмуціла я цябе, чарвячок! Не перажывеш ты мяне, бо я разумная, ты дурны, а статыстыка ўсемагутная – жанчына жыве даўжэй. І ведай: твой гучны гук я памятаю выразна! Быццам у вушы ўпячатаўся!» Як пачуў гэта хлопчык – ажно скурчыўся ў сарамяжлівых сутаргах, а старэча віскоча і кулачкамі пераможна трасе: памятаю! памятаю! так і здохнеш зганьбованы!.. Але ён яшчэ колькі дзён пратрымаўся, бо ўзяў з сабой паўмісачак бацьвіньня. Ведаеце, такія паўмісачкі з празрыстым вечкам? А потым памёр, з голаду і прыніжэньня.

Пасьля гэтага аповеду мы з брацікамі доўга плакалі, але тата толькі плячыма паціскаў: самі, маўляў, напрасіліся. А зараз ідзіце, ідзіце, гуляйце.