Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 022

Пра смуроднага чалавека

Калі мы былі маленькія і ледзь-ледзь хадзілі ў пачатковую школу, з паўднёвага боку ад нашае хаты пражываў незвычайна смуродны чалавек. Назіраючы за ім праз шчыліны ў плоце, мы з брацікамі былі вымушаныя прыціскаць да насоў хустачкі зь фіялкавай вадой – да таго невыносныя міязмы ён струменіў. А які неасьцярожны матылёк, калі пралятаў побач зь ягоным разяўленым ротам, у той жа момант падаў як падбіты. Сусед наш праз гэта мучыўся невымоўна, і кожную раніцу, спадзеючыся на нечаканае пасьвяжэньне подыху, выходзіў у кветнік і нясьмела зяхаў – але мятлушкі нязьменна сыпаліся, як яблыневыя пялёсткі. І штораз сусед пакутліва плакаў, усхліпваючы і ўздрыгваючы. А аднойчы, каб хоць трошачкі загладзіць віну перад матылькамі і мятлушкамі, ён задумаў зьнішчыць адзінага ў нашым месцы энтамоляга. Сусед прысачыў энтамоляга на рагу каля цырульні, схапіў за каўнер і пачаў дыхаць яму ў твар. Энтамоляг вырываўся, але мы з брацікамі падасьпелі і дапамагалі трымаць. Энтамоляг круціўся, губляў прытомнасьць, прасіў міласьці й запытваў – за што? за што? Калі мы патлумачылі яму, за што, ён пакляўся больш аніколі не лавіць матылькоў. Зьлітваўшыся, сусед зачыніў рот і знакамі загадаў нам адпусьціць нягодніка – бо кожны мусіць мець шанец, дзеткі, нават сама закаранелы паскуднік. З тае пары мы пасябравалі са смуродным чалавекам; выявілася, што ён зусім ня злы й нават прыемны. Часам ён заходзіў да нас у госьці, папярэднічаючы сваё зьяўленьне бронзавым званочкам, каб нашыя бацькі пасьпелі намачыць хустачкі ружовай вадой і прыкрыцца. А мы з брацікамі дык і зусім прывыклі да ягонага паху. Цяпер мы адчувалі ў ім розныя адценьні – дзёгаць, імбір, карыцу, марскія ракавінкі – толькі занадта моцныя.