Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 021

Пра замаруджанасьць

Наша мама была вельмі ласкавая і ніколі на нас не сварылася, а калі й сварылася, дык толькі за гультайства. Але гультаяваць, тупнець і марудзіць мы любілі больш за ўсё на сьвеце: складвалі рукі на стале, апускалі на іх галаву і забаўляліся, факусуючы і расфакусуючы позірк. Ці глядзелі ў вакно, дзівіліся на птушачак нябесных. Ці проста ляжалі, водзячы пальцамі па шпалерам. Мама, калі бачыла гэта, нападала на нас і гучна сварылася – яна хацела, каб мы былі дзейныя і мэтлівыя. А тата, які не жадаў адкрыта супярэчыць маме, але жадаў нас абараніць, спрабаваў зьмякчыць становішча:

– Паслухай, маці, казку. Жыў-быў хлопчык, вельмі добры, але надзвычай замаруджаны – да таго, што ніколі не пасьпяваў рабіць урокі, ніколі нічога ня памятаў, і нават зь першай у другую клясу ня мог перайсьці. І вось у дзесяць гадоў хлопчыка абсьледавалі экспэрты – і пастанавілі, што ягонае разьвіцьцё адпавядае чатыром гадам, і перавялі ў спэцшколу. Зажыў замаруджаны хлопчык у спэцшколе. Там на яго нарадавацца не маглі: і ветлівы, і прыязны, і вясёлыя песьні напявае нязьменна. Акрамя таго, ён навучыўся пісаць каліграфічным почыркам і выдатна чарціць. І паляцелі гады... І вось у дваццаць гадоў хлопчыка зноў абсьледавалі экспэрты – і пастанавілі, што ягонае разьвіцьцё адпавядае сямі гадам, але што годзе яго карміць з дзяржаўнае кішэні. Замаруджанага хлопчыка ўладкавалі ў праектнае бюро чарцёжнікам, каб ён капіяваў інжынэрныя чарцяжы. І ён капіяваў самазабыўна! Ды так спраўна і дакладна, што сам Вярхоўны Архітэктар свае праекты нікому акрамя яго не даручаў. І паляцеў час... Аднагодкі хлопчыка даўно займелі сем'і, сядзібы і аўтамабілі, а ён анічога вакол не заўважаў, толькі чарціў і чарціў у асалодзе. А ўжо як ён цыркулі свае любіў! Бывала, адкрые гатавальню і любуецца, водзіць пальцам па аксаміце – і так гадзінамі. І павольна-павольна сталее. Зьмяняліся інжынэры, зьмяняліся Вярхоўныя Архітэктары, у аднагодкаў унукі вырасталі, і вось споўнілася хлопчыку шэсьцьдзесят пяць гадоў. І вось абсьледавалі яго зноў экспэрты і кажуць: разьвіцьцё вашае асобы адпавядае пятнаццаці гадам. Файна! – думае хлопчык. Пайшоў ён па вуліцы, з клінікі ў бюро, а вакол вясна! Сонейка, птушачкі, кацяняткі! Ідзе ён міма школы і бачыць раптам дзевачку, на год ці на два маладзейшую, але якую! І сукеначка кароценькая, у гарошак, і пантопелькі ласкаваныя, і касіца, і бацянькі! Зачырванеў хлопчык, забянтэжыўся, але ўсё-ткі адважыўся – падышоў да дзевачкі і кажа: ты клёвая! давайма сябраваць? хочаш цукерку? Але дзевачку ажно перакрывіла, і як залямантуе яна: ратуйце! вычварэнец дамагаецца! Выскачылі тут нянькі, выскачылі мамкі, прыбеглі жандары – і ну хлопчыка вязаць, ну біць, ну праклінаць! Ах ты брудны старэча! Ах ты вырадак! Ах падонак! Ягонае шчасьце, што не пасьпеў ён ані дакрануцца да дзевачкі, ані пацалаваць – адпусьцілі яго, але запісалі ў асаблівы сьпіс. А потым ён неўзабаве захварэў, дый так і памёр пятнаццаці гадоў, незразуметы і адкінуты...

– Вось і я пра тое ж! Нельга дзецям дазваляць марудзіць! – сказала мама і пачала на нас яшчэ горай сварыцца.