Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 020

Пра лупцоўку

Наш тата быў самы рахманы чалавек у сьвеце, і ніякіх фізычных пакараньняў не прымаў прынцыпова. Але толькі пакуль справа ня тычылася літаратуры! Калі адзін з нас атрымліваў двойку па літаратуры, дык тата ружавеў зь лютасьці, успамінаў, што ён франтавік, і загадваў: адлупцаваць! Лупцоўка была наша ўлюбёная забаўка – двоек выпадала багата, лупцавалі што ні дзень, і кожнаму карцела адпомсьціць іншаму за ўчора. Мы нават загадзя пачыналі выцягваць дзягі з нагавіцаў, калі бачылі, што хтосьці вось-вось схопіць двойку. Колькі вясёлых гісторый здаралася! Прыкладам, аднойчы Колік назваў Набокава сытай буржуйскай адрыжкай і, не чакаючы адзнакі, выскачыў у вакно і ўскараскаўся на стары дуб. Мы трэсьлі дзягамі, а ён рагатаў і шпурляў зьверху жалуды. Чырвоны з гневу, тата зароў: пілуйце!! Піла знайшлася адразу, але тут выступіў Валік: я ня буду пілаваць. Што?! Ты што – брыдкі талстовец?! Я ня брыдкі, з годнасьцю адказваў Валік, і ня нейкі там таўстовец, а хіпі. Цяпер тата нават пачарнеў. Адлупцаваць!! Мы з гікамі кінуліся на Валіка, а Колік саскочыў з дрэва і дапамагаў.

Мама потым заўсёды падоўгу суцяшала тату: яны ж не са злоснасьці, а з глупства. Бо малыя зусім, неразуменныя, бадай што немаўляткі.