Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 01F

Пра жаданьні

Калі мы з брацікамі былі маленькія, мы жыцьця не ўяўлялі без таго, каб удосталь не пападглядаць за суседзямі праз шчыліны ў плоце. Звычайна кожны з нас абіраў свой бок, і старанна за ім назіраў – а перад існом мы расказвалі адзін аднаму што бачылі. Час бег, суседзі зьмяняліся, і чаго толькі мы не наглядзеліся!

Аднаго разу Коліку трапіўся сусед з чырвоным дахам, адвакат, дамарослы філёзаф і вялікі дзівак. Праз колькі дзён Колік распавёў, як той наўпрост у піжаме выйшаў на ганак, выпрастаў рукі ў бакі і коратка выклаў сваю філязофію:

1. Той, хто мае жаданьні – дурак.

2. Той, хто ня мае жаданьняў – мярцьвяк.

3. Ёсьць толькі адзін спосаб ня быць ані тым, ані другім: мэтадычна і бесьперапынна рабіць тое, што табе можа захацецца, яшчэ да моманту ўзьнікненьня жаданьня.

4. Іншымі словамі, трэба рабіць тое, чаго табе ня хочацца.

Суседзкія тэзісы ўчынілі між нас фурор – мы закінулі ўсе астатнія платы, засяродзілі ўвагу на філязофскім і былі сьведкамі таго, як сусед увасабляе тэорыю ў жыцьцё. Некаторы час ён папросту вадзіў да сябе па раніцах розных дзевак, а да абеду напіваўся п'яны – відавочна, апярэджваючы такім парадкам цялесныя прагі. Але ўсё гэта атрымлівалася ў яго занадта лёгка, хутка надакучыла, і ён пачаў шукаць справы, якія б яму не хацелася рабіць у большай меры. Ён пачаў падымацца на досьвітку, абліваўся халоднай вадой і падоўгу катаваў сябе практыкаваньнямі з гірай. Неўзабаве ж, мабыць адчуўшы смак да спартовага ладу жыцьця, кінуў яго і перайшоў да складанейшых і бессэнсоўнейшых заняткаў: выбіраў гарох і сачавіцу з попелу, як у братоў Грым, выбіраў проса з маку, як у Шарля Пэро, выбіраў нарэшце мак з маку, замяраючы кожную макаўку штангенцыркулем і адзначаючы паказаньні ў табліцы. Але й гэта адваката не суцяшала – часьцяком ён ускокваў, пляваўся і трос кулакамі зь незадаволенасьці. Мы ўжо не сумняваліся, што справа дабром ня скончыцца, і так яно і здарылася. Аднойчы ўранку мы ўбачылі, як адвакат выйшаў з хаты, несучы вяроўку і кайданкі, і рашуча рушыў да высокае яблыні. Толік адразу ж кінуўся выклікаць пажарных, а мы ў боязі глядзелі, што будзе. Сусед ускараскаўся на яблыню, прывязаў да сука вяроўку, вяроўку прывязаў да кайданкаў, а кайданкі пстрыкнуў на зьведзеных ззаду руках. Удалечыні ўжо выла пажарная сырэна, але ён пасьпеў асьцярожна сасьлізнуць з галін і павіснуць. Рукі выкручваліся, выломліваліся ў яго за сьпіной, ён рыкаў з болю, але твар ягоны зьзяў праз шчасьце незвычайнае жыцьцёвае паўнаты – вось зараз ён і праўда ня быў ані мерцьвяком, ані дурнем! Праз чвэрць гадзіны пажарныя ўжо зьнялі суседа, выслухалі, паставілі двойку па лёгіцы і адвезьлі ў вар’ятню нумар пяць. З тых часоў мы яго й ня бачылі, напэўна, ён знайшоў сваё аканчальнае шчасьце недзе там.