Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 01E

У жудасным доме

У свайго таварыша на санстанцыі я прабавіўся тыдзень ці два, пакуль аднойчы ён не сказаў, што знайшоў мне месьцейка лепей. І вось, на досьвітку, у дубарыну і парась, ён адвёз мяне на сваім нісане да кабеты. Кабета гэтая была гадоў шасьцідзесяці або шасьцідзесяці пяці, з валасяной куляй на патыліцы, як раней любілі настаўніцы. Яна ўсьміхалася мне сухенькімі вуснамі і паказвала хату: тутака лазенка, тутака кухня. Ейны адзіны сын зьехаў працаваць у ЗША праграмарам. Я сьцепануўся і хутка апусьціў вочы, каб яна не заўважыла, як затыхкала маё сэрца. «Сын дасылае мне штомесяц пэўную суму, каб я ні ў чым ня мела патрэбы», – працягвала яна са стрыманым гонарам. Я прымусіў сябе лічыць, што гэта проста супадзеньне – бо куды ж мне ісьці, звонку лютаўская пустэча, голад. Мы жылі добра, хоць крыху дзіўна: яна вязала, я глядзеў у вакно. Што яна вязала, каму? Я спытаў яе пра фотаздымкі ў гасьцёўні, і яна адказвала – з ласкавымі зморшчынкамі ад вачэй – што гэта ўсе тыя, каго яна ў сябе прымала, такія ж балезныя. Што азначае «такія ж» і што азначае «балезныя»? хворыя? хваравітыя? – цяміў я, але прымусіў сябе лічыць, што гэта проста супадзеньне, нават не супадзеньне, а словазлучэньне. Мы жылі добра: перабіралі рыс і грэчку, адлучалі ўбок каменьчыкі. Але потым усё раптам зьмянілася, скрывілася, выявіла сапраўдны твар. Яна пачала купляць пакункі з рознымі прысмакамі – печыва ў пакунках, цукеркі ў пакунках, разынкі ў пакунках – і распорвала пакункі нажом. Навошта ўспорваць нажом? Ці на пакунках ня робяць адмысловыя зубчыкі, каб разрываць рукамі? Ці хаця б нажніцамі? Успароўшы пакунак, яна шматзначна паглядала на мяне, і я карчанеў. Пакункі лопаліся з сухім шамаценьнем, чырвоныя ледзяшы рассыпаліся па абрусе. Фотакарткі ў гасьцёўні нема крычалі мне. Марудзіць было нельга. Прыхапіўшы колькі праграмаравых асыгнацыяў, у вадну з начэй я зьбег прэч з жудаснага дому.