Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 01d

Пра самага малелькага кампазытара

Аднойчы, калі мы з Хуліё прыйшлі пасядзець на зрыве ля возера, мы засьпелі там маленькага чалавечка. Ён быў ня карлік, а проста невысокі й худзенькі, каля сарака, у палітончыку. Бясклопатна ківаючы галавою, ён адшчыпваў кавалачкі ад булкі, катаў зь іх галкі і шпурляў чайкам. Гэтае месца было нашае, і мы прапанавалі яму назвацца, на што ён прыязна адрэкамэндаваўся як сама маленькі на сьвеце кампазытар.

– Адкуль вы ведаеце, што вы сама маленькі? А раптам які Самарціні ці Джамініяні быў яшчэ меншы? – сказаў Хуліё.

– Справа ня ў росьце, – сказаў чалавечак. – Проста я мала чаго напісаў. Усяго толькі адну караценькую мэлёдыю!

І ён, падняўшы брыво, прыгожа прасьпяваў яе: лу-лу-лу!

– Так, а калі я напішу мэлёдыю яшчэ карацейшую? – сказаў я з супярэчнасьці. – Лу-лу? Тады ўсё? Вы ўжо ня сама маленькі кампазытар?

– Усё роўна я сама маленькі. Бо рост таксама важны! – лёгка перамеркаваў ён. – Паглядзіце: вы хай і дзеці, але ўжо вышэйшыя за мяне на паўгалавы і таўсьцейшыя!

Запярэчыць было няма чаго, і мы прызналі за ім ягоны тытул. Ён адламаў нам палову булкі, і мы пачалі катаць і шпурляць, а чайкі не ленаваліся й кідаліся нават за ледзь прыкметнымі дробкамі. Сама маленькі кампазытар распавёў нам, што больш за ўсё на сьвеце любіць зэфір у шакалядзе, і заўсёды мае з сабою скрыначку. Ён навучыў нас, як правільна яго есьці: трэба спачатку акураценька абкусаць шакаляд, вось так, глядзіце, а потым ужо сам зэфір, ён тады асабліва далікатны; і не зубамі, а вуснамі і языком. Падабаецца?