Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 01C

Пра першую Валікаву карціну

Наша мама, заўзятая прыхільніца ўсяго ўзьнёслага, часта вадзіла нас у музэй. У нашым горадзе быў толькі адзін музэй – мастацкі. Некаторыя менавалі яго галерэяй, некаторыя – выставачным цэнтрам, аднак паказваць у ім было зусім няма чаго – бо ў нашых краях з самага палеаліту не нараджалася ані мастакоў, ані скульптараў, ані нават калекцыянтаў. Але дырэктар музэю, чалавек бадзёры і дзейны, заступіўшы на пасаду, не разгубіўся ў складаных абставінах і разьвесіў на сьценах копіі палотнаў славутых мастакоў. Прынтараў, каб друкаваць рэпрадукцыі наўпрост з інтэрнэту, у тыя часы яшчэ не прыдумалі, і дырэктар мусіў рабіць копіі ўласнаручна. Маляваць ён ня ўмеў, і копіі былі радыкальна мінімалістычныя – тэкставыя. Гэта было даволі дзіўна – раскошныя рамы з шырокімі пустымі ватманскімі лістамі і стрыманымі радкамі апісаньня ў сярэдзіне – але затое музэй мог дазволіць сабе шэдэўры, якія й ня сьніліся ніводнай сталічнай галерэі. Побач віселі «Бабілёнская вежа» Брэйгеля, «Сыкстынская Мадонна» Рафаэля, «Вяртаньне блуднага сына» Рэмбрандта, «Дабравешчаньне» фра Беата Анжаліка, «Дэман» Ўрубеля, «Зорная ноч» Ван Гога, «Абарона Петраграда» Дэйнэкі й яшчэ незьлічонае мноства ня менш вядомых карцін. У першых залях рамы былі велізарныя, на паўсьцяны, але дырэктар скора зразумеў, што такім парадкам аніякага месца ня хопіць, і таму з залі ў залю памеры карцінаў усё драбнелі й драбнелі, дасягнуўшы нарэшце фармату пісчае паперы.

З усіх братоў толькі я ахвотна хадзіў з матуляй у музэй. Мне падабаліся чысьціня, пустэча і цішыня, гучнае рыпаньне паркету і багацьце незразумелых тэкстаў. Астатнія брацікі, убачыўшы маму яшчэ здалёк, кідаліся наўцёкі. Хтосьці хаваўся ў хляве, хтосьці ў крапіўных зарасьніках, хтосьці караскаўся на дрэва і ціхарыўся. Але сяго-таго маме ўдавалася адлавіць і далучыць да культуры.

Валік таксама аднойчы быў схоплены, бо страціў на бягу сандалю і не пасьпеў стаіцца паміж сьмецьцевых бакаў. Адведзены за руку ў музэй, ён, наўпроці за мяне, адчуў там горыч і зьнявагу. Ён бачыў на паштоўках, якія павінныя быць музэі. Валік дапушчаў, што пару тэкставых карцінаў – гэта файна і хвацка. Але ня ўвесь жа музэй цалкам! І ён пакляўся запоўніць ягоныя сьцены сапраўднымі карцінамі.

Першую сваю карціну Валік зрабіў з паламанага будзільніка, разабраўшы яго на часткі і прыклеіўшы іх да кавалка кардонавае скрыні.

Дырэктар музэю ахвотна прыняў яе ў дар і павесіў на шляхецкім месцы – паміж Монэ і Дэга.