Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 018

Пра паўнавартаснасьць і насычанасьць

У нашым горадзе надзелы зямлі вакол дамоў былі не прастакутныя, як усюды, а шасьцікутныя, нібы соты. Рабілася гэта дзеля таго, каб кожная сям'я мела болей суседзяў – ня трох, а пяцёх. Вядома, у гэткіх абставінах узьнікалі пэўныя складанасьці з вуліцамі, але ж вуліцы – ані не галоўнае, ні ў горадабудаўніцтве, ні ў жыцьці. А што галоўнае? Галоўнае – гэта паўнавартаснасьць і насычанасьць, фармулявалі жыхары нашага горада. А хіба можна дасягнуць паўнавартаснасьці й насычанасьці з дапамогай адное толькі шасьцікутнасьці? На жаль, нельга. Таму лічылася карысным і правільным як мага часьцей абменьвацца хатамі й пераяжджаць – і такім чынам набываць яшчэ больш суседзяў.

Наша сям'я пераяжджала ня надта часта, не часьцей за раз на год – таму што тата быў чалавек самавіты і мерны, а мама была пераборлівая і згаджалася толькі на прасторныя хаты, «каб хлопчыкі не патыкаліся адзін аб аднаго». Але шмат хто з гараджанаў, зь невялікімі сем'ямі, ці зусім самотнікі, мяняліся хатамі ледзь ня кожнага месяцу. Транспартныя кампаніі квітнелі; на вуліцах штодня здараліся зацяжныя заторы з-за даўгіх сінебрэзэнтавых фураў, што спрабавалі ўпісацца ў заблытаныя павароты завулкаў. З самае раніцы па ўсім горадзе дымілі дызелі, жыгалі мэнэджэры па нерухомасьці, лаяліся грузчыкі, галасілі гаспадыні трэснутых раяляў...

Сумную славутасьць набыў адзін з гараджанаў, сталы хімік-неарганік, гарачы аматар пераездаў, які ў пяцьдзесят тры гады раптам выявіў, што пажыў абсалютна ўва ўсіх хатах гораду. Тыя, хто ў момант выяўленьня знаходзіліся непадалёк, распавядалі, што хімік выдаў надзвычайнае сілы крык, працяглае нутровае выцьцё, ад якога халадзелі рукі й пакрываліся дрыжыкамі сьпіны. Ён выскачыў і пабег вуліцай, б'ючы сябе ў грудзі й разьдзіраючы вопратку, з рыкам і хрыпам, сеючы паніку сярод квяточніцаў і бакалейнікаў. Яго атрымалася супакоіць толькі бутэлькай вэрмута, прычым адны сьцьвярджалі, што ён прыняў яе ўнутар, а іншыя, злосныя – што атрымаў ёю паміж вачэй. Потым няшчасны пасяліўся ў намёце на краі гораду, ля новае шматпавярховае будоўлі – ён днямі праседжваў на паддонах з цэглай, у маўклівай нудзе, а прарабы яго праганялі. Але па кватэры ў гэтым доме ужо стаяла чарга, і хімік неўзабаве зьнік. Адны сьцьвярджалі, што ён падаўся ў другі горад, а іншыя, злосныя – што будаўнікі яго замуравалі.