Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 017

Пра каханьне

Калі мы былі маленькія, мабільныя тэлефоны былі рэдкасьцю. І вось на Каляды нам падарылі наш першы тэлефон, адзін на ўсіх. Тэлефанаваць не было каму, але затое былі гульні – тэтрыс і зьмейка. Мы гуляліся па чарзе, а ўвечары Хуліё выдумаў забаўку: разаслаць смскі па выпадковым нумарам. Мы напісалі на дзесяць нумароў «Я не магу безь цябе жыць», і пачалі чакаць.

Хутка прыйшлі адказы: «Я кахаю цябе, Волька», «Каб ты падох, мярзотнік», «Вы не туды патрапілі». Астатнія не адказалі.

А праз пару дзён прыйшло апошняе: «Тамлюся ў салодкай зьнямозе… О, як сэрца трымціць! Рукі нясьмела песь». 70 чароўных сымбаляў.

І Хуліё цэлы тыдзень хадзіў узрушаны, ўражаны. Ён быў цьвёрда перакананы, што гэтая смска прыляцела ад цудоўнае дзяўчынкі, якая прызначаная яму лёсам, але пакутаваў і кроіўся, не адважваючыся ёй патэлефанаваць. Ён закахаўся. Нарэшце рашучы Колік узяў у яго мабілку дый патэлефанаваў сам. «Гэта мужык», – сказаў Колік, вяртаючы тэлефон. Ён лічыў, што пытаньне зараз закрытае. Але Хуліё толькі пасьміхнуўся. І працягваў кахаць тую дзяўчынку.