Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 016

Пра вінэгрэт

Нашыя мама з татам, як і ўсе сем'і ў тыя сьветлыя часы, жылі ў суцэльнай гармоніі, душа ў душу, і нават ніколі не сварыліся. Ну зрэшты вядома часам усёткі сварыліся, дый даволі часта, але ўжо прынамсі ня тое што сучасныя пары. Цяпер чуць што, дык адразу бягуць па роспуст, а тады не, ані ў думках не было, хоць лаяліся натуральна штодня, нават успомніць пацешна. Прыкладам, тата мой быў, як зараз кажуць, grammar nazi, то бок за коску ці за які апостраф гатовы задушыць, а мама найперш за ўсё шанавала свабоду, і да лямпачкі ёй было. І вось аднаго разу тата выкрыў, што яна ня мае ні самамалага паняцьця, як патрэбна пісаць слова «вінэгрэт». І ён пасадзіў яе за парту, побач з намі, двоечнікамі, і прымусіў пісаць «вінэгрэт» сто радкоў, а калі хоць раз памыліцца, дык дзьвесьце. Каб не губляць перад намі ягоную павагу, яна падпарадкавалася, і села, і напісала – зь мілосным тварам. Але потым! Потым яна пайшла на кухню дый прыгатавала чатыры розныя стравы, па-першае, традыцыйны вінэгрэт, а па-другое-3-4, навінкі сэзона: веныгрэт (з салодкім перцам, кэш’ю і дзікім рысам), віныгрэт (з бананам, вішняй і ролтанам) і венэгрэт (з партвэйнам, цукатамі і кока-кольнай падліўкай). Яна сама іх вынайдавала, а значыць мела права паназываць як хоча! І тата ўсё зьеў, і нават з задавальненьнем, але яна прымусіла яго запомніць, як называецца кожная страва! І гатавала іх кожны дзень, і калі ён памыляўся ў назьве, дык ішоў стрыгчы газоны, а ён гэта цярпець ня мог, але ня мог жа ён губляць павагу.