Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 015

Пра два тыпы

– Амаль усіх жанчын, дзеткі, можна падзяліць на два тыпы, – казаў нам тата, калі мы былі маленькімі. – Ёсьць простыя жанчыны, а ёсьць жанчыны ўзьнёслыя.

Ён уздыхаў, матляў галавой, і загадзя бедаваў на цяжары й нягоды, якія жанчыны абрынуць у будучыні на нашыя далікатныя галовы. Жанчыны простыя, якія нічога акрамя грошай не разумеюць, будуць патрабаваць ад вас грошы і пагарджаць вамі за іхны недахоп. Жанчыны ўзьнёслыя, якія захапляюцца «вялікімі людзьмі» ці «вялікімі думкамі», будуць патрабаваць ад вас сумеснага захапленьня і пагарджаць вамі за вашу невялікасьць. Тата з журбою глядзеў нам у вочы і сумна абдымаў за плечы. Мы хмурыліся. Мы ня ведалі ніякіх жанчын, акрамя мамы, і лічылі, што тата кажа менавіта пра яе. Тата кмеціў гэта і дадаваў – эх, дзеткі! вось ваша мама зусім не такая. ваша мама – асаблівая! А якая наша мама? – пыталіся мы, пачынаючы ганарыцца, але тата ўжо спазьняўся на працу, пасьпешліва павязваў гальштук, пляскаў па кішэнях у пошуках ключоў, хапаў капялюш і бег.

Каб спраўдзіць, у чым жа розьніца паміж нашаю мамай і вусьцішнымі жанчынамі, мы з Хуліё пераапрануліся ў Жан-Поля Сартра і Альбэра Камю, прыляпілі вусы й бародкі дый увайшлі да яе. Мама глядзела сэрыял, гуляючыся з пультам.

– Мы Жан-Поль Сартар і Альбэр Камю! Мы прыйшлі паведаміць, што вы ўдастоеныя экзыстэнцыяльнае прэміі памерам у 100 000 эўра.

Мама пасадзіла нас піць гарбату зь лімонам і мармэлядам, наліла каньяку, прапанавала пледы. Яна распытвала нас пра Францыю, распавядала пра сваё жыцьцё-быцьцё. Напрыканцы яна заўважыла:

– Амаль усіх мужчынаў можна падзяліць на два тыпы – тых, каму проста карціць патрахацца, і тых, каму карціць, каб імі захапляліся. Аднак бываюць і выключэньні, вось да прыкладу тата маіх дзетак.

Мы не зразумелі, што значыць «патрахацца», але зацікавіліся. Па-першае, словам, па-другое, татам. Мы пераапрануліся ў Эмілі Дыкінсан і Эмілі Бронтэ і паехалі да таты на ягоную працу, у надзеі сустрэцца зь ім падчас перапынку на абед. Нам трэба было ехаць на трамваі-тройцы, але Хуліё прапанаваў сесьці ў сямёрку, каб скасаваць рог. Праз гэта мы спазьніліся да таты дый так анічога і не даведаліся. Але мы не замаркоціліся! Мы пайшлі да возера, сядзець на зрыве і глядзець на чаек.