Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 014

У мокрых нагавіцах

Пасьля зялёнага дантыста я тыдзень ці два хаваўся ў таварыша, у адной з камораў цакалёвага паверху санстанцыі, дзе ён служыў метадыстым. Ён паставіў мне ложак-раскладанку з шэрым брызэнтам на спружынах і паклаў камякаваты сеньнік. Пацукоў няма? Пацукоў няма. Курыць нельга? Курыць нельга. Ён пакінуў мне Новы Запавет, пакунак грэчы, алюміневы рондаль і кіпяцільнік. Вось табе ключ, замыкай знутры і сядзі. Прыбіральня ў канцы калідору, але толькі ноччу, каб ніхто ня бачыў. Я падзякаваў яму, і ён сышоў. Было вельмі ціха, ля сьценаў стаялі старыя кардонавыя скрыні. Я адчыніў адну – пульхныя зьвязкі папераў, табліцы, лічбы. Пад стольлю – вакно з кратамі, шэрае неба. Я заснуў.

Удзень я спаў, а ўвечарох да мяне пачалі вяртацца дзіцячыя страхі. Электрычнасьць на ноч вымыкалі, і я з сумам глядзеў на цёмнае, амаль нябачнае акенца. У першую ж ноч я перасунуў раскладанку да сьцяны і паклаў у галаве пад сеньнік Новы Запавет. Ляжаў, скурчыўшыся, і прыслухоўваўся да цішыні. Прадчуваньне шоргату, выразны пульс у здраньцьвелай руцэ. Шоргаты прыходзяць няхутка, толькі ў поўнай цемры. Першы – самы ціхі. Мімаволі глынаеш, і глыток выходзіць палахліва гучны. Цьмяныя ценярысы скрыняў, дзьве зоркі ў вакне. Шум машыны, за які чапляесься слыхам – даўжэй, калі ласка, даўжэй! Збочвае – водбліск фараў на столі – зьнікае. Далятае шум цягніка, згладжаны, занадта далёкі, каб дапамагчы.

Карціць у прыбіральню. Саджуся. Як ісьці ў гэткай цемры? Падаўшыся наперад, як астэахандрозавы дзед, расьпяўшы рукі, я намацваю дзьверы, намацваю ў кішэні ключ. Дзе сьвідравіна? Калі я згублю ключ, дык прыйдзецца шнарыць па падлозе. Нясьмела чыркаю запалкай – асьляпляльна! – шчык-шчык замок, расчыняю дзьверы. Даўгі калідор цягнецца направа й налева, трубы пад нізкай стольлю кладуць тлустыя цені. Чорныя павароты ў глыбінях калідора вагаюцца, ссоўваюцца. Запалка апякае пальцы. Я загрукваю дзьверы, шчык-шчык. Схаджу ўраніцу! Калі ўжо сьветла, але яшчэ нікога няма. Кладуся, падціснуўшы ногі, заплюшчваю вочы. Шоргаты чакаюць, а потым прыходзяць ізноў.

Хтосьці крадзецца па калідоры, нячутна, на дыбачках. Спыняецца ля дзьвярэй. Пульс б'ецца ў маім горле. Нехта павольна-павольна прысядае, падлязае ў шчыліну. Трызна, трызна! Нікога там няма! Злосьць напалову з жахам. Я адважна паварочваюся на сьпіну, і спружыны выдаюць мяне рыпам. Нешта лёгкае падае мне на твар, і я з хрыплым крыкам луплю рукой, ускокваю! Па далоні размазалася мярзота – ці тое прусак, ці тое павук. Я сутаргава адціраю далоню аб сеньнік, адчуваючы ў штанах цяпло й вільгаць. Абмачыўся! Рыкаючы з роспачы, скідаю нагавіцы, майткі, стаю з голымі нагамі ў цёмным склепе санстанцыі, жаласны й нягеглы. Як мне праць нагавіцы? Як сушыць?

Ураніцу таварыш выслухоўвае мяне і прапануе прынесьці пампэрсы. Навошта саромецца? У нас у аптэцы прадаюцца. А нагавіцы давай сюды, у мяне дома пральная машына. Калі добра не памыць і ня высушыць – засьмярдзяць, будзеш як валацуга. Пахадзі пакуль без штаноў, ніхто ж ня бачыць. Дый не хвалюйся, з кожным такое здараецца, магло б і горай. Грэчу варыў, не? Вось табе рондаль, толькі вымый потым, каб не прыкарэла. Нічога, нічога, патрывай, братка, усё гэта часовае. Ён шукае поглядам Новы Запавет, і я выцягваю яго з-пад сеньніку. Ён ухвальна пасьміхаецца, ківае. Чытай, чытай, пакуль сьветла.